Home

Рэклама

Наладка
Высокае

Снж 2009

S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Syndicate

RSS Atom
Распрацавана LiveJournal.com

02 Снж 2009

Высокае

2 Δεκεμβρίου, Γεννήσεις: Μαρία Καλογεροπούλου


Photograph: AFP/Getty Images
Цэтлікі: ,

21 Ліс 2009

Высокае

21 лістапада 2009: La Traviata. Сільчукоў

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Віялета Валеры – Дзіяна Трыфанава (1-е вык.)
Альфрэд Жэрмон – Васіль Мінгалёў
Жорж Жэрмон – Ілья Сільчукоў (1-е вык.)
Флора Бервуа – Таццяна Ціўнова
Барон Дзюфоль – з.а. РБ Васіль Кавальчук
Віконт Гастон дэ Летар’ер – Юрый Балацько
Маркіз д’Абіньі – Аляксандр Дрынеўскі
Доктар Грэнвіль – Алег Гардынец
Аніна – Ганна Гур’ева
Дырыжор – Вячаслаў Воліч


Такое адчуванне, што акрамя "Травіяты", зусім няма опер. Даеш трыццаць "Травіят" у сезон!
Або наш тэатр па інэрцыі, выпрацаванай на працягу апошніх трох год "эвакуацыі", прадае нам білеты на рэпетыцыі...
Гэтыя бясконцыя ўводы-ўводы-ўводы...

Дзіяна Трыфанава. У цэлым хутчэй не спадабалася чым спадабалася.
Гэтая спявачка, жонка барытона Станіслава Трыфанава, практычна не спявала перад менскай публікай. Хіба што ў канцэрце вясной ужо на абноўленай сцэне і пару разоў у "Князі Ігары" (Палавецкая дзяўчына). Яе Палавецкая - а партыя не такая ўжо і дробная - не рабіла вялікага ўражання, але і дрэннага не рабіла. Гучала слабавата, але вярхі падаваліся прыгожымі. Наколькі гэта можна было адчуць у ЦДА.
І вось - крывавая партыя Віялеты. З першых нот я не зацаніў яе тэмбру. Дакладней, верхнія ноты якраз гучаць у яе больш-менш, а сярэдзіна і нізы - такім непрыемным металічным, ненатуральным гукам... Можа была не ў голасе. Будзем чакаць другога спектакля. Але варта адзначыць, што ў плане артыстызму была пераканаўчай. Трымалася на сцэне ўпэўнена, хваляванне ад яе не сыходзіла. Але разам з ім не сыходзіла і вялікае мастацва... Аднак спектакль, на маю думку, прайшоў нармальна.

Трыумф Сільчукова.
Нядаўна даведаўся, што Сільчукоў спеў у пачатку лета ў Эстоніі ў оперы "Таіс" Маснэ. Пашукаў відэа ў нэце - вельмі цікава:
http://novosti.err.ee/index.php?26165309
Мясцовыя прыдворныя СМІ ў сваім духу адзначылі, што эстонскую публіку скарыў беларускі барытон:
http://news.belta.by/ru/news/archive?date=02_06_2009&page=3&id=378485
Удзел у пастаноўцы "Таіс" - своеасаблівая ўзнагароды конкурсу імя Клаўдыі Таеў, лаўрэатам якога Ілья стаў у 2007 г.
Вось адно з відэа з конкурсу:
http://vkontakte.ru/video-1908795_92473058
Прызнацца, мне вельмі падабаецца як ён спявае тут. З глыбінёй пачуцця, непаўторным прыгожым голасам.
Увогуле, здаецца, што ў параўнанні з 2005 г., калі Ілья ўпершыню апынуўся на сцэне опернага (дарэчы, таксама дзякуючы перамозе ў конкурсе Александроўскай, ён спяваў Анегіна), голас яго трохі ўмацаваўся, стаў менш лірычным, але не згубіў хараства тэмбру. Тады яшчэ шмат было дыскусій пра прыроду яго голаса, шмат хто выказваўся, што Сільчукоў занадта лірычны каб быць нават лірычным барытонам). Мне падавалася, што ўсё ў яго нармальна вызначана. Адно што мне не вельмі падабалася яго статычнасць на сцэне.
І вось Ілья "дарос" да такой узроставай партыі як Жэрмон. Мне думалася, што гэта ідэя не самая лепшая. Аднак чаканні мае і хваляванні мае не атрымалі падстаў.
Вакальна Ілья блістаў, зачароўваў, выклікаў самыя прыемныя эстэтычныя перажыванні, глыбокую сімпатыю, наколькі можа гэта зрабіць артыст. Даўно ў мяне не было такіх уражанняў ад спеваў барытонаў у нашым тэатры. Асабліва, калі ўлічыць, што апошнім часам Пятроў выглядае нейкім разгубленым чалавекам, з выбітай з-пад ног глебай. Не ведаю чаму, але такое ўражанне... Бездапаможнага... Непераканаўчага...
Адно толькі, што Ілью апранулі бязглузда. Магчыма, нават у чужы фрак ці што гэта. Надта ўжо строй быў няўдала падабраны. Чорны колер яму б пасаваў лепш, прыхоўваючы недахопы фігуры. Узрост быў "зроблены" барадой і вусамі) Але голас, гэты чароўны малады голас...
Жадаю гэтаму спеваку новых партый, новых творчых праектаў і паболей выхадаў.

15 Ліс 2009

Высокае

15 лістапада 2009: Madama Butterfly. Вяртанне маэстра?

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Чыо-Чыо-сан - Ірына Крыкунова (Расія)
Пінкертон – з .а. РБ Сяргей Франкоўскі
Сузукі – Таццяна Ціўнова
Шарплес – з.а. Рас. Мікалай Майсеенка
Бонза – з.а. РБ Васіль Кавальчук
Ямадоры – Уладзімір Громаў
Камісар – Уладзімір Громаў
Гора – Янаш Нялепа
Дырыжор - Аляксандр Анісімаў

фота з сайту bpo.by

Аляксандр Анісімаў вяртаецца?)
Наколькі я разумею, гэта першае яго выступленне ў оперным пасля 2001 г.? За выключэннем тых філарманічных канцэртаў, калі філармонія была на рамонце.

Крыкунова. Абсалютна не спадабалася.
На прозвішча Крыкунова ў менскага гледача павінна быць алергія. Па маіх падліках, яе ўдзел у імпрэзах нашай філармоніі большы, чым удзел у іх любога сапрана з Беларусі.
Наколькі я паспеў зразумець, голас у яе не такога ўжо і шырокага дыяпазону, каб брацца за ўсё, за што яна бралася ў Менску. У яе даволі прыгожае лірычнае сапрана, цёплае, пяшчотнае, тэмбру сярэдняй прыгажосці.
Чыо-Чыо-сан Крыкуновай не падалася мне вакальна пераканаўчай. Сілаў відавочна не хапала. Аднак трэба аддаць належнае спявачцы - у адказных момантах, у арыях яна ўсё ж канцэнтравала сілы. Але гэта толькі ў адказных ды і тое за выключэннем арыі з другага акту. Спецыфіка партыі вымагае пастаяннай вакалізацыі, вялікай адказнасці пры інтанаванні ў рэчытатывах, ансамблях. Месцамі спадарыні Крыкуновай не было чуваць.
Супярэчлівым выйшаў і сам вобраз. Я не адчуў ніякага драматызму. Сцэнічны рух салісткі не паддаецца ніякай крытыцы - неяпонскія, нястрыманыя скокі па сцэне, недарэчная неўтаймаваная пластыка. Ды і сама знешнасць не пасавала вобразу. Да таго ж апраналася Крыкунова ў не зусім прыгожыя кімано, якія саступалі па мастацкіх якасцях тым, якія традыцыйна выкарыстоўваліся ў гэтай пастаноўцы. Увогуле, Крыкунова саступала па цэльнасці вобразу і знешняй прыгажосці сваёй партнёрцы па спектаклі Таццяне Ціўновай (Сузукі).
Парадавалі Сяргей Франкоўскі і Мікалай Майсеенка - бездакорны Шарплес.
Магчыма, я занадта строгі да Крыкуновай, бо ў цэлым спектакль прайшоў на добрым узроўні. У многім дзякуючы дырыжору.
Але ён не параўнальна саступіў папярэдняму, у кастрычніку, з Шарубінай і Галанавым.
Адназначна галасую за нашых Чыо-сан - Шарубіну, Бундзелеву (вельмі шкада, што ёй толькі далі пару раз выканаць гэтую партыю), Глаголеву ў лепшыя гады. Прыемна, што давялося паслухаць Кастэнку ў яе апошні прыезд і выступленне на Радзіме.

12 Ліс 2009

Высокае

In memoriam: Лідзія Галушкіна (1923–2009)

Лідзія Галушкіна ў партыі Надзеі ("Надзея Дурава" А.Багатырова)
Учора, 11 лістапада на 87 годзе жыцця памерла народная артыстка Беларусі (1963), знакамітае мецца-сапрана, легендарная спявачка, цэлая эпоха ў беларускай оперы - Лідзія Іванаўна Галушкіна (15.06.1923, Іванава, Расія - 11.11.2009, Менск, Беларусь).
Галушкіна распавядала, што  пасля вучобы ў Фаіны Пятровай у Маскоўскай кансерваторыі (1950), следам за мужам, прыехала ў Беларусь, дзе ёй адмовілі ў оперным тэатры. Але Галушкіна спявала ў ім 30 год - з 1952 па 1982 гг., стаўшы народнай артысткай.
Асабліва прывабнай і пераканаўчай, паводле ўспамінаў гледачоў, Лідзія Іванаўна была ў беларускіх операх.

Асноўныя партыі:  Алеся ("Алеся" Цікоцкага), Ганна ("Марынка" Пукста), Марына ("Яснае світанне" Туранкова), Надзея ("Надзея Дурава" Багатырова), Марына Мнішак ("Барыс Гадуноў" Мусаргскага), Канчакоўна ("Князь Ігар" Барадзіна), Любава ("Садко" Рымскага-Корсакава), Любаша ("Царская нявеста" Рымскага-Корсакава); Аксіння ("Ціхі Дон"  Дзяржынскага), Клітэмнестра ("Арэстэя" Танеева), Ядвіга ("Страшны двор" Манюшкі), Амнэрыс, Кармэн; Клара ("Заручыны ў манастыры" Пракоф'ева) і інш. 

Сёння ў беларускай оперы сярод салістак тры яе вучаніцы і, паводле [info]shaulataciturna,  6 вучаніц у хоры. 

Вечная памяць.
Грамадзянская паніхіда адбылася 13.11.09 у 11.00 у будынку Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (вул. Інтэрнацыянальная, 30).

Выдатны запіс першай у Савецкім Саюзе пастаноўкі "Арэстэі" Танеева пад кіраўніцтвам Таццяны Каламійцавай:
http://musicmp3.spb.ru/album/27113/opera_oresteya_kolomiitceva_orkestr_i_hor_belorusskogo_boljshogo_teatra_1964.htm 
Клітэмнестра - Лідзія Галушкіна.



11 Ліс 2009

Высокае

Ці пойдзе працэс?

Даслаў наіўна-тэмпераментны ліст у роднае Міністэрства.

Праграма-мінімум - прыцягнуць увагу.

upd:
Дзякуй "Свабодзе":
http://www.svaboda.org/content/article/1875104.html

upd:
Адгукнулася і "Народная воля"
http://www.nv-online.info/by/21/80/3079/

Публікую тут тэкст манументальнага звароту)
 

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь
Латушку П. П.
Русецкі Сяргей Васільевіч
220100 г. Мінск
.................................
................................. 
rusiecki.s@gmail.com


Асоба – галоўны скарб беларускай культуры.
П.П. Латушка, 30.09.09
(бенефіс Г.Гарбука)

Аб сітуацыі ў Нацыянальным акадэмічным
Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь


Паважаны Павел Паўлавіч!

З’яўляюся даўнім і адданым наведвальнікам Беларускай Оперы. Па прыкладных падліках за апошнія 10 год колькасць маіх наведванняў оперных спектакляў дасягнула 300 разоў. Пры гэтым неадменным прынцыпам майго наведвання тэатра была плата за білеты. Паводле роду сваёй дзейнасці і з прычыны асабістых перакананняў, я ўвесь час прапагандую опернае мастацтва. Уласнымі намаганнямі я некалькі дзесяткаў чалавек зрабіў адданымі Оперы людзьмі, многія з якіх стала наведваюць тэатр. Добра ведаю тэатр збоку, працу кожнага, каго я бачу на сцэне і ў аркестровай яме, шчыра любячы музыку і тэатр, будучы прафесійным гісторыкам, я магу рабіць некаторыя ацэнкі існуючай сітацыі і працэсаў. Ні ў кога, хто працуе ці стала наведвае тэатр, сёння няма бачання яго перспектывы. Пасля рамонту ў тэатр ходзяць пераважна “турысты”, каб пацікавіцца выглядам будынка. Пастаянныя гледачы абражаныя новымі парадкамі ў тэатры, якасцю спектакляў, новай акустыкай. Сітуацыя ў тэатры патрабуе сама мала прыцягнення ўвагі да праблем. У адваротным выпадку мы будзем мець паўтарэнне гісторыі, якая назіраецца ў Музычным тэатры, які на сёння з’яўляецца нізкамастацкім, небеларускім, камерцыйным, малапрафесійным.
Ва ўсім свеце Оперны тэатр – гэта першы тэатр краіны, гэта сімвал, гэта сцяг Мастацтва, гэта Незалежнасць. Мы павінны бараніць Оперу як мы баронім мову, нашую адметнасць, нашую дзяржаўнасць. Беларуская Опера мае вялікія і даўнія традыцыі, слаўную гісторыю і заўсёды вызначалася высокім мастацкім узроўнем пастановак, высокай прафесійнай культурай выканаўцаў. У будынку тэатра па традыцыі адбываліся многія гістарычна значныя падзеі.
Прапаную пераказ праблемаў з пункту гледжання гледача. Азначаныя праблемы хвалююць не толькі мяне - пад маім лістом магло стаяць сотні подпісаў. І яны могуць там з’явіцца. Мае думкі падзяляе абсалютная большасць з вядомай мне тэатральнай грамадскасці, а таксама і неабыякавыя людзі ў тэатры.

Праблема № 1, асабовая – Віктар Пласкіна.
Глядач доўга назіраў за эксперыментамі новага дырыжора, на пачатку нават з цікавасцю. З цягам часу стала зразумела, што дырыжор з непавагай ставіцца да публікі, дазваляе сабе вялікія спазненні, затрымлівае антракты. Адначасова з асваеннем В.Пласкінам новых для сябе спектакляў глядач паставіў пад сумненне прафесійную кампетэнтнасць галоўнага дырыжора. Якасць спектакляў, якімі дырыжыруе В.Пласкіна не адрозніваецца стабільнасцю. Абсалютная большасць яго спектакляў няўдалыя ў дырыжорскім плане. Дырыжор не толькі “своеасабліва”, нязвыкла для нашага тэатра прачытвае партытуры, але і выяўляе значнае няўменне працаваць з салістамі і хорамі падчас спектакля. Чаго варта хаця б тое, што рэгулярна “правальваецца” спектакль “Багема”, у якім самааддана працуюць салісты, якія ставяцца ў залежнасць ад непрафесійнасці дырыжора і ягонай прагі эксперыментаў. 13 кастрычніка 2009 г., пры выкананні спектакля “Баль-маскарад”, напоўненага цэлым сузор’ем выдатных спевакоў, якія не першы сезон працуюць у гэтым спектаклі, можна было назіраць унікальную карціну, калі салісты відавочна для гледача, пасля ўсемагчымых разыходжанняў і нетрапленняў, прынялі рашэнне даверыцца сваёй музычнасці і прафесіяналізму і спяваць спектакль, не звяртаючы ўвагі на дырыжора. Здзівіла, што ў дырыжора хапіла сумлення і самакрытыкі не выходзіць на паклон у гэты вечар.
Практычна кожны спектакль В.Пласкіны наводзіць мяне на думку, што я маю поўнае маральнае права ставіць пытанне аб няякасным прадастаўленні паслуг тэатральна-відовішчнай установай.

Праблема № 2, творчая, ідэалагічная – рэпертуар.
Паколькі наш тэатр цалкам будуецца на прынцыпе рэпертуарнага тэатру, то ў мяне як у гледача, узнікае шэраг пытанняў.
Па-першае, дзе беларускі рэпертуар?
Па-другое, дзе рэпертуар увогуле? Адрапартавалі ў пачатку сезона, што ў рэпертуары 36 оперных спектакляў. Але іх ідзе не больш за 10-15. Астатнія папросту не выконваюцца. Па незразумелых для гледачоў прычынах не ідуць оперы М.Мусаргскага, значыцца ў рэпертуары і гадоў 10, а то і болей не ідзе славуты спектакль “Лэдзі Макбэт Мцэнскага павета”, знікла “Пікавая дама”, яшчэ раней зніклі “Паяцы” і інш. І калі ў некаторых спектаклях ёсць кадравы крызіс (праблема тэнара і г.д.), то знікненне тых жа “Паяцаў” невытлумачальна. Зразумела, што ў час рамонту не ўсё можна было паказаць, выбіралі самыя хітовыя, эксперыментавалі з пастаноўкамі новых – ставілі аднаактоўкі, збольшага безгустоўна і танна. Часам нават пахабна.
Умацавалася тэндэнцыя – спяваюць адно і тое ж і адныя і тыя ж. Глядач аддана цярпеў гэта, спадзеючыся, што ў новым будынку сітуацыя выправіцца. Але пакуль гэтая надзея не апраўдалася. Больш таго, у лістападаўскай афішы ўсяго з пяток опер(!) замест 15, з якіх дзве “Травіяты”… У чым праблема? Не радуе і снежаньская афіша, у якой пераважна тыя ж спектаклі, што і ў верасні-кастрычніку. Палітыка планавання оперных спектакляў выклікае незадавальненне.
Тэатр не звяртае ўвагі на важныя памятныя даты, юбілеі. Дзякаваць Богу, што нейкім чынам адзначаецца памяць беларускіх спевакоў мінулага – да іх юбілеяў прымяркоўваюцца спектаклі. Але выклікае здзіўленне, напрыклад, такі факт як поўнае ігнараванне 150-гадовага юбілею Джакама Пучыні, які тэатральная грамадскасць свету адзначала ў снежні 2008 г. Пры гэтым у рэпертуары нашага тэатра маецца шмат яго опер.
Ніхто нават і не заўважыў 8 сакавіка 2009 г. пры адкрыцці тэатра пасля рамонту, што акурат 10 сакавіка 1939 г. (70 год таму) адбыўся першы спектакль у будынку тэатра.
Усё гэта сведчыць не пра часовыя складанасці, выкліканыя рамонтам і аднаўленнем спектакляў пасля яго, а пра адсутнасць стратэгіі развіцця, перспектыўнага планавання, канцэптуальнага бачання, працы з публікай.

Праблема № 3, прававая, маральная, канцэптуальная – цэны.
Падаецца неабгрунтаванай мінімальная цана на білет у 8.000 руб.
Яшчэ меней абгрунтаваная цана ў малую залу ў 25.000 руб.
Для пенсіянераў і студэнтаў, якія стала наведваюць тэатр, маюць жаданне часта хадзіць туды гэта вялікія грошы. Простая матэматыка: калі дапусціць, што тэатр “выб’ецца” на ранейшы ўзровень – 3-4 оперныя спектаклі ў тыдзень, то гэта 13-14 у месяц у сярэднім, мінус тыя, на якія сам не хочаш і не любіш, гэта 9-10. Менавіта так некаторыя людзі і хадзілі ў тэатр, у тым ліку я. 10*8000=80000. Не лічачы грошай на кветкі любімым спевакам. Для пенсіянера ці студэнта гэта вялікія грошы. Але ёсць такая катэгорыя студэнтаў, якія павінны хадзіць у тэатр у прафесійных мэтах. Іх праблема не вырашана. Ведаю ад студэнтаў, што многія студэнты лічаць цэны на білеты вялікімі.
Пытанне выклікае і тое, што білеты на нязручныя месцы прадаюцца па такіх жа цэнах, як і на зручныя.
Усё гэта кантрастуе з арт. 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім сказана, што “кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.”
Наколькі мне вядома такіх форм рэалізацыі даступнасці, як бясплатныя дні ў музеях, у тэатрах няма.
Разам з тым, на працягу ледзь не дзесятка год назіраю штораз карціну, калі пры непрададзенай зале, зала запаўняецца аднымі і тымі ж “дзяжурнымі” бабулькамі з малазразумелых адных і тых жа грамадскіх аб’яднанняў.  

Праблема № 4, творчая, стратэгічная – канцэпцыя.
Кожны буйны тэатр свету мае канцэпцыю творчага развіцця, аддзелы, якія сочаць за яе выкананнем, за традыцыямі тэатра, плануюць стратэгію, у тым ліку творчую, фарміраванне рэпертуару на гады наперад. Канцэпцыя – сціслы дакумент, у якім сфарміраваны прынцыпы тэатра, парушэнне якіх непажадана і псуе традыцыю ці імідж. У канцэпцыі тэатр раскрывае сваю пазіцыю, свой погляд на бачанне сябе ў свеце, у мастацтве, сваю сацыяльную місію і місію ў Мастацтве. У канцэпцыі тэатр мог бы ўзяць на сябе абавязкі ў дачыненні да нацыянальнага мастацтва, растлумачыць прынцыпы ўзаемаадносін з публікай. Канцэпцыя творчага развіцця магла б быць створана тэатрам сумесна з яго аматарамі – тэатральнай грамадскасцю, крытыкай і стаць своеасаблівым нефармальным нарматыўна-прававым актам, які б рэгуляваў асновы існавання, замацоўваў традыцыі, вызначаў абмяжоўваў магчымасці канструктыўнага творчага абнаўлення, засцерагаў ад памылак амбітных часовых людзей.

Праблема № 5, культурная, дзяржаўна значная – выхаванне публікі, прапаганда класічнага мастацтва, піяр, праца з гледачом, інфармацыйная праца.
На сённяшні момант (сітуацыя апошніх пяці год) у тэатры не вядзецца праца з гледачом. Або вядзецца самымі кандовымі спосабамі. Адсутнічае і акрэсленая палітыка ў галіне рэкламы. Адсутнічае нават сайт тэатра. “Жывыя” толькі старыя сайты балета і оперы асобна, абодва маргінальныя і малаінфарматыўныя, у іх адсутнічаюць беларускія версіі. За апошнія гады мы страцілі такі адметны, яркі і развіты жанр беларускага мастацтва як тэатральны плакат.
На маю думку, нічога не трэба рабіць тэатру, каб завабіць у тэатр гледача, акрамя як ствараць пра сябе пазітыўны вобраз. Пазіцыянавацца як даступная, дэмакратычная і разам з тым элітарная ўстанова. Прысутнічаць у прывабным выглядзе ў віртуальнай прасторы. Сёння не трэба бегаць па студэнцкіх аўдыторыях і інтэрнатах – трэба ствараць шмат розных прывабнасцяў у Сеціве. Працаваць з кожнай мэтавай групай. Сродкамі псіхалогіі, дызайну і інш. Сайт тэатра павінен быць не толькі прыгожым, салідным, мастацкім, але і ў высокай ступені інфарматыўным – пастаянныя змены актуальнай інфармацыі і максімальная колькасць інфармацыі пра пастаноўкі і іх стваральнікаў, гісторыю тэатра.
Праграмкі спектакляў, якія сёння існуюць – гэта насмешка супраць маскоўскіх, варшаўскіх ці нават кіеўскіх. Апошнія дзесяць год праграмкі амаль заўсёды выкананы на рускай мове. Прыемным выключэннем ці тэндэнцыяй стала праграмка прэм’ернага спектакля “Трубадур”, выкананая па-беларуску.
Асобны напрамак працы тэатра павінна скласці мемарыяльная праца. Праца па ўвекавечанні гісторыі тэатра, яго лепшых дзеячаў. Добра і танна было б, каб гэтая праца рэалізоўвалася ў кантэнце сайта тэатра. Каб кожны жадаючы мог паглядзець ці паслухаць Балоціна, Александроўскую, Бабія і г.д. разумна было б наладзіць супрацоўніцтва з даследчыкамі – ІМЭФ НАНБ, кансерваторыяй, гістфакамі, Музеем тэатральнай і музычнай культуры і г.д. Такі праект павінен быць.
Абсалютна не зразумела, чаму не выдаюцца запісы легендарных спевакоў ці беларускіх опер. Вялікая колькасць запісаў маецца на Беларускім радыё. Гэта павінен быць дзяржаўны праект. Такое ёсць ва ўсіх краінах свету, дзе шануюць сваю культуру. Я павінен зайсці ў кнігарню і там заўсёды павінна быць для мяне “Новая зямля” ці томік Багдановіча, гэтак жа ў кожнай музычнай краме павінен быць дыск, умоўна кажучы, Святланы Данілюк ці хаця б нейкі зборнік-хрэстаматыя.
Адсутнічае і прапаганда класічнага мастацва ў дзяржаўным маштабе. Па тэлебачанні перасталі не толькі паказваць запісы оперных і балетных спектакляў, але і няма належнага ўзроўню ўвагі ў асвятленні музычна-тэатральнага жыцця ў цэлым. Практычна адсутнічаюць перадачы пра акадэмічную музыку, хаця ў мінулым беларускае тэлебачанне славілася падобнымі перадачамі. Чаго варты толькі цыкл У.Шаліхіна “Пра музыку ад А да Я”.

Праблема № 6, справа гонару – званні.
Па тым як прысвойваюцца ганаровыя званні салістам оперы, калі параўноўваць з іншымі тэатрамі і, самае галоўнае, эстраднікамі, можна меркаваць, што званні і палітыка дзяржавы па гэтым пытанні сябе дыскрэдытавалі. Або званні трэба адмяніць увогуле, або прысуджаць іх справядліва. Прынамсі, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Спадзяюся, Вы ўяўляеце сабе тытанічную працу опернага спевака. Каласальнае напружанне цела, розуму, энергіі ў час спектакля. Залежнасць поспеху ад тысячы фактараў. Ад суб’ектыўных і дробязных аб’ектыўных – ад дырыжора, ад аркестра, ат партнёраў, ад тэмпарытму, секундная дакладнасць гукаў, рухаў, мінімум імправізацыі. Толькі твой стан, досвед і прафесіяналізм.
Салістам оперы званні за апошнія 10 год прысваіваліся гады ў рады. Між іншым, многія заслужылі іх даўно. Некаторым ужо сорамна іх прысвойваць зараз. Напрыклад, Мікалай Майсеенка, засл. арт. Расіі – паважаны барытон, беларус, гадаванец нашай кансерваторыі, працуе ў тэатры з 1981 г. (!). У сваім даволі прыстойным узросце апошнія пяць-сем год выходзіў ледзь не ў кожным другім спектаклі! Асабліва ў часы рамонту. Званне засл. арт. РФ атрымаў за пяць год працы ў Расіі ў самым пачатку творчага шляху. Родная дзяржава яшчэ 10-15 год таму павінна была яго ўшанаваць, бо рэальна ён ужо даўно нар. арт. Беларусі.
Або прыклад Алены Бундзелевай – лірычнага сапрана, чалавека унікальнай працаздольнасці і асабістай сціпласці, на якой трымаецца паўрэпертуара тэатра. Алена Бундзелева ў апошнія гады абсалютны рэкардсмен па выхадах у цэнтральных партыях. Працуе з 1994 года. За плячыма дзесяткі буйнейшых партый сапранавага рэпертуару, у тым ліку і такія складаныя як Чыо-Чыо-сан, Віялета, Мімі і г.д. Акрамя гэтага Алена шмат увагі надае і працы з беларускім рэпертуарам, супрацоўніцтву з “Беларускай капэлай” В. Скорабагатава. З’яўлялася першай выканальніцай партыі Грэтхен у славутай пастаноўцы оп. А. Радзівіла “Фаўст” (1999). За падобныя творчыя “паводзіны” ў савецкія часы давалі Дзяржаўную прэмію. Ведаю, што А. Бундзелева ўжо некалькі год абмяркоўваецца як адна з першых кандыдатур на атрыманне звання, але, як мы ведаем, яго дасюль няма.
І нарэшце, Ніна Шарубіна – спявачка, якая спявае найскладанейшыя партыі драмсапрана. Артыстка, якой ганарыцца наша Беларусь. У савецкія часы, а зараз на Украіне, у Расіі званне заслужанага прысвойваюць ужо толькі за выдатна створаны вобраз у адной са складаных партый. Напрыклад, Абігайль (“Набука” Вэрдзі). Ніна бліскуча спявае Абігайль ва ўсім свеце, а ў родным тэатры яшчэ і Аіду, Амелію, Тоску, Чыо-сан, Лізу і інш. І не ўганаранава роднай дзяржавай. Маўляў, не хапае стажу ці яшчэ чаго.
Прыклады можна множыць. Я прывёў самыя красамоўныя. Шчыра кажучы, публіка чакала прысваення званняў падчас адкрыцця тэатру пасля рамонту – адным махам. Гэта нармальная практыка і нармальная нагода.
Прапаную прысвоіць наступныя званні наступным салістам: 1) засл. арт. РБ - Бундзелева Алена, Гур’ева Ганна, Журко Ірэна, Трацяк Таццяна, Ціўнова Таццяна, Шарубіна Ніна, Шведава Алена, Аксёнцава Марына; 2) нар. арт. Бел. - Галеева Нагіма, Майсеенка Мікалай. Безумоўна, пра ўсё гэта павінна было дбаць кіраўніцтва тэатра, але...
Прысвоіць званні не складана, гэта канкрэтны крок, канкрэтная рэпутацыя. Пры гэтым трэба раіцца з гледачом, а не з чыноўнікамі. Больш таго, у тэатры адчувальны фаварытызм. І ў такой сітуацыі не выключаю, што званне атрымае хто-небудзь з маладых фаварытаў, чым з прызнаных і даўно любімых публікай майстроў. Будзе ганьба.
 
Праблема № 7, адміністрацыйная
Новыя парадкі. Тэатр пачынаецца вядома з чаго… Касіры, білецёры, гардэробшчыкі – тое, што фарміруе ў гледача ўражанне пра якасць абслугоўвання. Пасля аб’яднання і рамонту з тэатра звольнілі масу адданых яму людзей. Па зразумелых узроставых прычынах. Многія, прапрацаваўшы дзесяцігоддзямі пайшлі адтуль з крыўдамі на родны тэатр. Не за тое, што іх звольнілі, а затое як звольнілі, што не ўшанавалі і г.д. Новыя людзі, якія не цікавяцца мастацтвам, якому служаць, наўрад ці хутка змогуць замяніць Раісу Шаеўну Рубіну, Марыэту Захараўну Розман, Барыса Ізраілевіча Ісраэляна і многіх іншых.
Пасаду галоўнага адміністратара на сёння займае А.Я. Пятровіч– чалавек, з якім заўсёды можна было знайсці агульную мову, які даволі ахвотна ішоў і ідзе насустрач, з цікавасцю ставіцца да прапаноў з боку гледача. Разам з тым, Аляксандр Яўгенавіч займае сёння не самую высокую пасаду. Сённяшні намеснік дырэктара па гледачы не выяўляе належнай яе пасадзе зацікаўленасці ў размовах з гледачамі, пытанні вырашаюцца з ёй складана, пастаянна спасылаецца на несамастойнасць у прыняцці рашэнняў, размаўляе з людзьмі з характэрнай пагардай. Тэатральная грамадскасць неаднаразова спрабавала наладзіць з ёй кантакт з мэтай выказвання пажаданняў па ўдасканаленні абслугоўвання з улікам пэўных тэатральных традыцый.
Самым адыёзным ноў-хаў з’яўляецца тое, што гледачоў, якія спазніліся, упускаюць у партэр (!!!), праводзяць на яго месца, чым неверагодна псуюць спектакль і замінаюць іншым, у тым ліку выканаўцам. І гэта на кожным спектаклі! Апошні прыклад - 3 лістапада 2009 г. падчас спектакля “Травіята”, амаль напрыканцы (!) першага акта, падчас складанай арыі Віялеты (!) у партэр уваходзіць білецёр, пачынае нешта тлумачыць дзвюм жанчынам паважанага ўзросту, падымае іх і выводзіць. І садзіць на гэтыя месцы… тых, хто спазніўся. Большай ганьбы цяжка сабе ўявіць. Ва ўсіх тэатрах свету не прынята ўваходзіць у партэр пасля трэцяга званка. Прапаную ўвогуле не даваць званкоў. Людзі прыходзяць адпачыць, буфет таксама адпачынак. Буфет, дарэчы, пакідае асаблівае расчараванне. Самае незразумелае – чаму ён не належыць тэатру? На гэтым жа таксама можна зарабляць.

У сувязі з вышэйапісаным, у адпаведнасцю з артарт. 32, 34, 40, 51, 60 Канстытуцыі Рэспулікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” прашу:
І. Максімальна канкрэтна адказаць на наступныя пытанні:
1) У чым абгрунтаванасць знаходжання на пасадзе галоўнага дырыжора тэатра сп. В. Пласкіны? Ці звяртае ўвагу Міністэрства культуры, кіраўніцтва тэатра на думку гледачоў, супрацоўнікаў тэатра, прафесіяналаў пра кампетэнтнасць В.Пласкіны як кіраўніка і дырыжора?
2) Ці існуе пэўная палітыка фарміравання рэпертуару і планавання спектакляў? На якіх прынцыпах яна грунтуецца?
3) Ці існуе, на думку тэатра, неабходнасць мець у рэпертуары беларускія оперы на нацыянальную тэматыку? Оперы на беларускай мове? Ці робіцца нешта ў гэтым напрамку? Чаму нельга паставіць, напрыклад, любую оперу С. Манюшкі ці “Сівую легенду” Д. Смольскага? Адказ пра “Чужое багацце” не прымаецца. Пастаноўка не вытрымлівае ніякай крытыкі.
4) Калі глядач зможа ўбачыць (пачуць) такія оперы як “Паяцы”, “Лэдзі Макбэт Мцэнскага павета”, “Пікавая дама”, “Барыс Гадуноў”, “Рыгалета”, “Лючыя дзі Ламермур”? Чаму так рэдка апошнім часам выконваецца опера “Тоска”? Чаму на працягу шэрагу гадоў практычна раз у год выконваюцца такія папулярныя оперы як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Турандот”?
5) У апошнія 20 год замацавалася выдатная і натуральная традыцыя выконваць оперы на мове арыгіналу за выключэннем камічных, што, магчыма, і апраўдана. Але чаму тыя ж камічныя оперы ідуць толькі ў рускім перакладзе? Пераклады многіх опер на беларускую былі зроблены яшчэ ў 1920-я гг. Ю.Дрэйзіным, падрэдагаваўшы можна іх смела выкарыстоўваць. Можна замовіць і новыя – ёсць каму. Упэўнены, што беларуская мова істотна ўзбагаціла б у мастацкім сэнсе любую камічную оперу. Чаму трэба плаціць аўтарскія Марыне Мішук, а не, умоўна кажучы, Васілю Сёмуху? Чыю культуру мы такім чынам падтрымліваем і ўзбагачаем? (Гэта не рытарычнае пытанне, яно патрабуе адказу).
6) Ці лічыць Міністэрства культуры абгрунтаваным устанаўліваць ніжэйшую планку цаны на спектакль у 8.000 рублёў? Чаму білет на нязручнае месца з пазнакай “агляд сцэны абмежаваны” каштуе столькі сама, колькі і на добрыя месцы? Колькі разоў у месяц студэнт ці пенсіянер можа наведаць тэатр? Ці ён павінен сябе абмяжоўваць? Ці няма тут неадпаведнасці з арт. 51 Канстытуцыі? І нарэшце – чаму студэнты творчых спецыяльнасцяў ссну, вну, асабліва музыканты і тэатралы, павінны плаціць за білеты? Чаму гэта пытанне дзяржавай не вырашана і яму не надаецца ўвагі?
7) Чаму пасля рамонту ў зале ўзнікла такая вялікая колькасць нязручных месцаў? Амаль увесь балкон і палова бельэтажа – нязручныя? Ці не ёсць тут памылка архітэктараў і будаўнікоў? Чаму трэцяя частка гледачоў, прыйшоўшы адпачываць, павінна сядзець некамфортна, цярпець нязручнасці? Навошта над парапетамі бельэтажа і балкона устаноўлены ўздоўж поручні, якія замінаюць агляду?
8) Калі скончыцца ганебная і нетэатральная практыка запускаць падчас спектакля ў партэр тых, хто спазніўся?
9) Чаму адстнічае сайт тэатра? Ці ёсць у ім неабходнасць? Калі ён з’явіцца? Ці будзе там беларускамоўная версія? Ці адэкватна ацэньвае кіраўнітцва тэатра эфектыўнасць працы з гледачом у віртуальным асяроддзі? Ці ёсць у тэатры адпаведныя кадры, якія б займаліся піярам?
10) Калі праграмкі тэатра стануць больш інфарматыўнымі і будуць утрыліваць тэкст па-беларуску? Ці не лічыць Міністэрства культуры неабходным не абкладаць падаткам тэатральныя праграмкі? Існуючая сістэма іх рэалізацыі стварае вялікія цяжкасці для тэатра.
11) Калі з’явіцца абяцаны бягучы радок? Ці будзе ён па-беларуску?
12) Ці збіраецца Міністэрства культуры заняцца пытаннем публікацыі аўдыё- і відэазапісаў лепшых галасоў Беларусі розных эпох, лепшых спектакляў?
13) Ці вядзецца ў тэатры праца па знаёмстве ахвотных з гісторыяй тэатра? Якія формы мемарыяльнай працы тэатр лічыць эфектыўнымі?
14) Калі Міністэрства культуры і тэатр аптымізуюць працу па прысваенні ганаровых званняў? Калі плануюцца наступныя прысваенні? Калі будуць нададзены званні А.Бундзелевай, Н.Шарубінай, М.Майсеенку і інш.? Чаму па гэтым пытанні не ўлічваецца меркаванне публікі?
15) Ці вядзе тэатр працу з гледачом? У чым гэта выражаецца? Якія прынцыпы пакладзены ў аснову такой працы? Што робіцца для яе аптымізацыі?
16) У СМІ прагучала інфармацыя пра стварэнне Апякунскай рады пры тэатры? Ці бачыць Міністэрства культуры і тэатр мэтазгодным увядзенне ў яе склад прадстаўнікоў грамадскасці з ліку тэатральнай публікі? Калі не, то чаму? Як публіка можа ўплываць на сітуацыю ў тэатры, акрамя таго, што не хадзіць на дрэнныя спектаклі? А куды тады хадзіць публіцы? У які оперны тэатр?
17) Шмат год мусіруецца, у тым ліку і ў СМІ, ідэя стварэння Маладзёвага опернага (музычнага) тэатра? Чаму такі тэатр не створаны дасюль? Неаднаразова паведамлялася, што для гэтых мэтаў гораду перададзены будынак былога дома культуры будтрэста № 1 на вул. Казлова. У 2009 г. Беларуская акадэмія мастацтваў выпусціла яркі, з’яднаны, таленавіты курс артыстаў музычнага тэатра – практычна гатовы калектыў. Але гэты калектыў спыніў сваё існавання разам з заканчэннем навучання і выпускнікі былі размеркаваны хто куды, без уліку іх спецыялізацыі. Навошта тады іх рыхтаваць, калі яны папаўняюць шэрагі драматычных акцёраў?  
18) Калі ў тэатры з’явіцца галоўны рэжысёр? Чаму міністэрства бачыць на гэтай пасадзе асоб, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі беларускага мастацтва? Няўжо ў тэатры няма годных кандыдатур? Ці разглядаецца кандыдатура Г.Галкоўскай?
19) Калі будзе вырашана праблема драматычнага тэнара? У выпадку калі ў штаце ў бліжэйшы год-два не з’явіцца драматычны тэнар, прапаную Сяргею Валянцінавічу Франкоўскаму прысвоіць званне народнага артыста Беларусі. Няўжо нельга запрашаць тэнароў на кантрактнай аснове на пэўную колькасць спектакляў?
20) Падчас рамонту тэатр упершыню за доўгія гады шмат гастраляваў у Беларусі. Гледачы розных рэгіёнаў поўнасцю запаўнялі залы і з радасцю чакалі наступных сустрэч з мастацтвам. Ці збіраецца тэатр, маючы званне Нацыянальнага, працягваць актыўныя гастролі ўнутры краіны?
21) Калі тэатр запрацуе на ўзроўні хаця б былых магутнасцяў – не менш 12 оперных спектакляў у месяц, з разнастайным рэпертуарам і разнастайнымі выканаўцамі? Дзеля каго і ў імя чаго працуе наш тэатр?
 
ІІ. Правесці праверку якасці выпускаемых В.Пласкінам спектакляў. Да праверкі прыцягнуць камісію з незаангажаваных прадстаўнікоў грамадскасці і музыкантаў-прафесіяналаў. Праверка не павінна мець аднаразовы характар.

ІІІ. Па выніках праверкі, з улікам меркавання калектыву, тэатральнай грамадскасці разгледзець пытанне аб адпаведнасці В. Пласкіны займаемай пасадзе.

IV. Правесці праверку якасці архітэктурна-будаўнічых работ і высветліць, чаму ўтварылася такая колькасць нязручных месцаў. Вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Прыкласці намаганні па выпраўленні сітуацыі.

V. Дэмантаваць поручні ўздоўж парапетаў. Яны не маюць ніякай функцыянальнай нагрузкі. Калі іх не было, ніхто не вывальваўся. Хто хоча вываліцца і так гэта зробіць.

VI. Прыкласці намаганні па далейшым паляпшэнні акустыкі залы з прыцягненнем вядучых спецыялістаў, у тым ліку замежных. Яна па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. Але, трэба прызнаць, істотна палепшылася ў параўнанні з сакавіком-красавіком 2009 г.

VII. Разгледзець пытанне практыкі прысваення ганаровых званняў і аптымізаваць яе. Прысвоіць доўгачаканыя званні вядучым салістам тэатра.

VIII. Знізіць цэны на білеты, улічыўшы патрэбу ў сацыяльных білетах. Увесці норму аб бясплатным наведванні спектакляў студэнтамі адпаведных творчых спецыяльнасцяў. Панізіць цэны на білеты на нязручныя месцы. Арганізаваць продаж білетаў праз інтэрнэт, улічыўшы адпаведны вопыт вядучых тэатраў свету.

ІХ. Арганізаваць бягучы радок з дэманстрацыяй перакладаў тэкстаў лібрэта оперных спектакляў на беларускую і рускую мовы адначасова.

Х. Вырашыць праблему драматычнага тэнара праз заключэнне кантрактаў на разавыя выступленні з спевакамі з суседніх краін.

ХI. Я распачаў працу па стварэнні вялікага сайта мемарыяльна-інфармацыйнай скіраванасці, прысвечанага беларускаму опернаму мастацтву. Ці можа Міністэрства культуры аказаць мне дапамогу ў гэтай працы? Калі не матэрыяльную, то хаця б арганізацыйнага плану – доступ да архіваў і г.д.

Павел Паўлавіч! Мы рызыкуем многім – рэпутацыяй галоўнага тэатра краіны і людскімі душамі.
З павагаю, Сяргей Русецкі.
Гатовы да супрацоўніцтва.
09.11.09
 

03 Ліс 2009

Высокае

3 лістапада 2009: La Traviata. Бліскучая Sonora Vaice


фота Jāņa Deinata

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Віялета Валеры – Санора Вайцэ (Латвія)
Альфрэд Жэрмон – Юрый Гарадзецкі
Жорж Жэрмон – з.а. Рас. Мікалай Майсеенка
Флора Бервуа – Таццяна Ціўнова
Барон Дзюфоль – з.а. РБ Васіль Кавальчук
Віконт Гастон дэ Летар’ер – Юрый Балацько
Маркіз д’Абіньі – Аляксандр Дрынеўскі
Доктар Грэнвіль – Алег Гардынец
Аніна – Алена Шведава
Дырыжор – Вячаслаў Воліч

Яе Віялета зачаравала. Выдатны спеў. Прыемны, пластычны голас, прыгожага цёплага тэмбру. Спявае як масла мажа. Без надрыву, з вялікім запасам. За яе не перажываеш.
Артыстычна спачатку падавалася, што яна залішне стараецца, залішне легкаважная, какетлівая і ўсё такое... Але ёй верыш. Усё яна рабіла па-свойму, а не так як таго вымагала нашая пастаноўка. Кожная мізансцэна - свая.
Пакінула ўражанне лёгкасці, паветранасці, эфірнага алею лёгкага прыемнага паху...

Шкада, што ёй не пашанцавала з партнёрамі - паважаны мной Юрый Гарадзецкі, які і без таго пакутуе, спяваючы Альфрэда, у гэты вечар пакутваў асабліва і часам прымушаў пакутваць гледача. Хаця стараўся як мог.
Жэрмон Майсеенкі ўжо не такі добры як некалі, але, адпачыўшы, Мікалай Сяргеевіч, як для сябе то някепская спявае. А выглядаў ён у вобразе Жоржа Жэрмона заўсёды добра.

Асаблівае расчараванне пакінуў аркестр. Месцамі - ну проста нейкі марш рандзялёў...
Я гэта тлумачу тым, што асноўны склад аркестру быў на гастролях. Адучваліся праблемы і з хорам.

Усё гэта з лёгкасцю кампенсавала Санора Вайцэ.
Санора, прыязджай яшчэ.

28 Кст 2009

Высокае

27 кастрычніка 2009: Il trovatore. Прэм'ера. Дубль два

ПРЭМ’ЕРА
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Граф дзі Луна – Андрэй Марозаў
Леанора – Настасся Масквіна
Азучэна – Аксана Якушэвіч (1-е вык.)
Манрыка – з.а. РБ Сяргей Франкоўскі
Феранда – Дзмітрый Капілаў
Інэс – Ала Пласкіна
Руіс - Аляксандр Жукаў
Стары цыган – Ілья Пеўзнер
Ганец – Аляксандр Жукаў
Дырыжор – Віктар Пласкіна

Другі прэм'ерны дзень мне спадабаўся значна больш чым першы.
Масквіна спявала значна лепш.
Франкоўскі спяваў значна лепш за ўсіх гэтых інтальянцаў. З Франкоўскім звязана цэлая гісторыя. У гэты дзень яго выклікалі ў тэатр за некалькі гадзін да спектакля, даўшы паглядзець на відэа, што і як ён мусіць рабіць. Рэч у тым, што Сяргей Валянцінавіч увогуле па нейкіх прычынах (цікава якіх?) не рэпеціраваў у гэтым спектаклі. Франкоўскі паказаў, што такое артыст. Усе мізансцэны рабіў па-майстэрску, хіба што сцізорыка не асвоіў. Спяваў як у лепшыя свае часы.
Гэтак жа нечакана для сябе на сцэну выйшаў і Андрэй Марозаў. Ведаючы яго крайнюю нестабільнасць і здольнасць да поўных правалаў, я хваляваўся. Але Марозаў справіўся. Месцамі зажоўваў тэкст, краіў лібрэта пад сябе, але ў адказныя моманты спяваў прыстойна. У маім любімым Il ballen, які ў нашым тэатры ў мяне трывала асацыюецца з Аркадзем Маркавічам Саўчанкам, Марозаў быў вельмі лірычным, шчымлівым і амаль не лажаў. Дзякуй яму за гэта.
Адміністрацыя тэатра, на маю думку, дапусціла ганьбу. Падстрахавалася - перад пачаткам спектакля прагучала аб'ява - маўляў, у сувязі з хваробай заяўленых салістаў, партыі Манрыка і дзі Луны выканаюць Франкоўскі і Марозаў. Як аказалася, гэта было яўна лішнім...) Ды і наогул, ніхто ніякіх саставаў не заяўляў - нідзе загадзя яны не значыліся, ні ў афішах, ні на сайце тэатра, у СМІ не агучваліся. Пытанне - што тады гэта як не падстрахоўка? На маю думку, веельмі абразлівая для Франкоўскага і Марозава.

Абсалютнай нечаканасцю стала Якушэвіч. Колькі дрэнных слоў, думак, расчараванняў звязана ў мяне з гэтай спявачкай. Магчыма, у "Трубадуры", яна ўпершыню СПЯВАЛА. Бо ўсё што я чуў да гэтага з яе вуснаў было жахліва ці амаль жахліва. Падавалася, што яна і блізка не справіцца з Азучэнай. Але справілася. Рэспект, павага. Схіляю галаву. Калі і далей яна будзе так спяваць будзе добра.

25 Кст 2009

Высокае

25 кастрычніка 2009: Il trovatore. Цяпер па-новаму

ПРЭМ’ЕРА
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Граф дзі Луна – Станіслаў Трыфанаў
Леанора – Настасся Масквіна (1-е вык.)
Азучэна – Наталля Акініна
Манрыка – Серджыа Панаджыа
Феранда – Дзмітрый Капілаў (1-е вык.)
Інэс – Ала Пласкіна (1-е вык.)
Руіс - Аляксандр Жукаў
Стары цыган – Ілья Пеўзнер
Ганец – Аляксандр Жукаў
Дырыжор – Віктар Пласкіна
Рэжысёр-пастаноўшчык – Марыяна Берглёф
Мастак-пастаноўшчык — Андрэй фон Шліпэ
Мастак па касцюмах — Крысціна Халер
Хармайстар — Ніна Ламановіч

Чакаў горшага. Чакаў, што будзе нешта ўжо неактуальнае...
Пастаноўка нармальная ці цалкам прымальная. Заяўленая стылістыка "нуар" цалкам вытрымана. Асабліва спадабаліся дэкарацыі і пастаноўка святла.

Трыфанаў. Яго драматычны, часам крыклівы барытон і знешні антураж як нельга лепей пасуе да гэтай пастаноўкі. Таму і выглядаў ён вельмі пераканаўча. Хаця недахопы, уласцівыя яго дзі Луна, захоўваюцца. Хацелася б больш далікатнага спеву ў Il ballen... Разам з тым, Трыфанаў адпрацаваў выдатна і шкада, што нашая публіка больш кідаецца на тэнароў, асабліва на такіх няўдалых як...

Панаджыа. Тэнар яўна не першай свежасці, з, як на мой розум, дык непрыемным казліным тэмбрам, нешляхетным гукавядзеннем, сцэнічна неабаяльны, хаця і даволі тэмпераментны. Асабліва слабым быў у кабалеце... Аднак, гэта ўсё не замінала зале вітаць яго авацыямі... Цікава, што за публіка зараз у оперы? Мяркуючы па сямі (!) п'яных маіх суседзях (мужыкі і іх жонкі), з якімі я ўсё ж уступіў у канфлікт, публіка ў нашага тэатра зараз розная. Мужыкі былі п'яныя настолькі, што я пакутваў не толькі ад перагару, але і ад іх каментарыяў. Першы раз у оперы. Бывае...
У сеціве ёсць гэта:
http://www.youtube.com/watch?v=QSXGbHk0wSo
І біяграфія:
http://www.bailamos.it/curriculum_spanajia.htm

Акініна. Наталля самааддана працавала. Трывала пераносіла розныя здзекі і катаванні, абліванні бензінам... Але спявала нашмат горш, чым можа. Дапускаю, што была хворая, не ў голасе. Гэтая партыя для яе не новая і яна выдатна сябе зарэкамендавала ў ёй. Як годная пераемніца Наталлі Рудневай і Нагімы Галеевай. Увогуле, цікавы, трохі вар'яцкі вобраз Азучэны стварыла рэжысёр-пастаноўшчык.

Капілаў. Абсалютна расчараваў. Абсалютна. Не было чуваць зусім. Пры гэтым ніхто яго не глушыў. Партыя Феранда далёка не апошняя ў оперы. Нават амаль дзве амаль арыі. Ёсць дзе раскрыцца, паказацца... Не паказаўся. Здзівіла, што ў праграмцы сярод выканаўцаў гэтай партыі адсутнічае прозвішча Алега Гардынца, які спяваў Феранда раней. Дзякуй Богу, засталося прозвішча Кавальчука. Думаю, нармальна справіўся б з гэта партыяй і Аляксандр Кеда.

Масквіна. Спрэчнае ўражанне. Лічу, што ёй рана спяваць Леанору. Калі праз год-два не будзе тых праблем, якія ёсць сёння пры выкананні Леаноры, тады можна будзе і хваліць. А пакуль - з тэсітурай яўна не спраўляецца, хаця месцамі дэманструе надзвычай прыгожы спеў. Не стае ўпэўненасці ў вярхах, ва ўсіх гэтых каларатурах, якіх шмат у партытуры. У цэнтры голас гучыць моцна, агучвае ўсю залу, але часта за кошт пагарджання артыкуляцыяй. Слоў часам не разабраць. Асабліва ў знаёмых арыях. Чутны толькі галосныя гукі. Магчыма, усё гэта хваляванне. Сцэнічна, артыстычна выглядала бездакорна, упрыгожвала спектакль, выдатна ўпісвалася ў стылістыку пастаноўкі. Цікава будзе паслухаць Ніну Шарубіну. Чакаю гэтага дня. Думаю, Леанора ўзбагаціць яе творчую скарбонку.

Аркестр. Пласкіна паводзіў сябе больш-менш прыстойна. Але Вэрдзі, здаецца, больш меладычны чым ён лічыць.

07 Чэр 2009

Высокае

In memoriam: Барыс Пакроўскі (1912-2009)


Фота www.rutv.ru

Не стала Барыса Пакроўскага (23.01.1912, Масква, Расія – 05.06.2009, Масква, Расія)

Барыс Пакроўскі з сімпатыяй ставіўся да Беларусі.
Паставіў у Менску некалькі спектакляў. Сярод іх – легендарная “Алеся” 1944 г. у толькі што вызваленым Менску.
З многімі быў у цесных прыяцельскіх стасунках, сябраваў з Ларысай Александроўскай, з якой працаваў над яе кароннымі вобразамі – Кармэн і Алесі.

З Беларускай операй і Александроўскай, Пакроўскі пазнаёміўся ў 1942 г., яшчэ маладым рэжысёрам у Горкім (Ніжні Ноўгарад), дзе тэатр быў ва эвакуацыі. Уводзіў Ларысу Пампееўну ў горкаўскую “Кармэн”, шмат змяняў у спектаклі пад яе (яна спявала гэтую партыю з 1933 г.), чым выклікаў рэўнасць і неразуменне ў мясцовых артыстаў. Прымусіў Александроўскую навучыцца самой працаваць з кастаньетамі.

Якраз тады ў Горкім, паводле біёграфа і пляменніцы Л.Александроўскай, Арыядны Ладыгінай, Яўген Цікоцкі, Пятрусь Броўка і Александроўская пачалі працу над будучай операй “Алеся”, якая зазнае найбольшую колькасць рэдакцый (пяць) і пастановак (пяць) сярод усіх беларускіх опер. Актыўна далучыліся да абмеркавання задумаў барытон Міхаіл Дзянісаў і дырыжор Марк Шнэйдэрман.

У 1944 г., Пакроўскі прыехаў у разбураны Менск. Потым ён пісаў ва ўспамінах: “Вялізарны Оперны тэатр разбураны. Засталася толькі частка артыстычных уборных. У іх можна жыць. А дзе граць? На дзіва захаваўся Дом афіцэраў. У ім хутка пройдзе “Алеся”, якая недарэмна пісалася Цікоцкім у Горкім.

Хто пастаноўшчык? Я. І мне дастаўся маленечкі пакойчык ў ацалелай частцы тэатра. Гора, што халодна, няма рукамыйніка, не працуе тое, што потым сталі з шыкам называць “санітарным вузлом”. Патрэбу спраўляць хадзілі літаральна на двор, хаця зіма была лютая… Цёмны калідор. Ля кожных дзвярэй – керасінка, на ёй нешта варыцца. Гэта нечая акцёрская сям’я гатуе абед. Ля маіх дзвярэй нічога не варылася, у пакоі было халодна. Спаў не здымаючы паліто і шапкі. Штораніцы – рэпетыцыя, барацьба з недахопамі, якія замінаюць пабудаваць спектакль”. Далей Пакроўскі прыгадвае, што да яго прыйшлі ад Панамарэнкі і павезлі некуды праз руіны за горад, у лес. Аказалася, беларускі партыйны лідэр вырашыў накарміць і абагрэць рэжысёра. Пакроўскі адзначыў, што тыя некалькі гадзін у Панамарэнкі – добрая вячэра, добры сон, былі немалаважным фактарам у поспеху “Алесі”, прэм’ера якой адбылася 24 снежня 1944 г.

У 1945 г. было задумана адзначыць 25 год творчай дзейнасці Александроўскай і да гэтай даты зрабіць новую пастаноўку “Кармэн” (дырыжор А.Брон, мастак С.Нікалаеў). Яе пастаноўшчыкам стаў Пакроўскі. З падрыхтоўкай імпрэзы звязаны трагічны выпадак – дурная смерць барытона Арсена Арсенкі – спевака з плеяды першых савецкіх беларускіх спевакоў, паплечніка Александроўскай, Друкер, Млодэк і інш. Арсенка мусіў спяваць партыю Эскамільё. Загінуў пад коламі грузавіка, спяшаючыся на рэпетыцыю ў тэатр… У першы год пасля вайны. Спектакль адбыўся 3 кастрычніка 1945 г. і характарызаваўся як сведкамі, так і гісторыкамі тэатра выключна пазітыўна. Праз Александроўскую і далей адбываліся камунікацыі Пакроўскага з тэатрам, яны доўга ліставаліся. Яна раілася з ім шмат, калі стала галоўным рэжысёрам тэатра. З аднаго з лістоў: “Прыязджайце, памажыце нам зрабіць гэта менавіта так, як нам хочацца, - таленавіта!”


Б.Пакроўскі, Л.Александроўская, А.Брон, С.Нікалаеў ў час працы над "Кармэн" 1945 г.



Л.Александроўская ў партыі Кармэн (1945, пастаноўка Б.Пакроўскага, мастак - С.Нікалаеў)

© Сяргей Русецкі
Высокае

Трусік-істэрыя: не без Оперы

Як жа лёгка зварушыць наш захраслы соцыум нечым быццам бы арыгінальным...
Нейкая інтэрнэт-гарачка з гэтым Дземідовічам і ягоным трусікам.
Цікавы момант: бальшыня камэнтатараў даводзіць, што іх гэта чапляе, але ацаніць добра-дрэнна ня могуць. Дзівяцца нечаму... А чаго дзівіцца - дзеці зараз, па прычыне таго, што любое новае пакаленне лепш адаптуецца да ўсяго, атакаваны валам інфармацыі ў большай ступені, чым дарослыя. Ці чулі Вы калі размовы звычайных гарадскіх дзетак дзесяцігадовага веку? Іх пазнанне не арганізаванае ў нейкім  паслядоўным і сістэмным напрамку, што  гарманізавала б з фізіялогіяй і псіхалогіяй, яно стыхійнае, мазаічнае. Дзеці кампутарнага свету сталеюць іначай, відаць. 

Дземідовіч працуе ў эстэтыцы, якая яму падабаецца, не больш. Як ён там разважае, што думае - гэтага мы пакуль не ведаем. Дэманізаваць хлопчыка ці залічваць яго ў вар'яты, пра што многія ўжо выказаліся (ці баяцца вербалізаваць) - не проста неэтычна, але і няправільна. Можа Юрачка - тонкі стыліст? Можа шалёныя вочкі на  выкаце - гэта ягоны прыродны артыстызм, праца над вобразам? ) Талент-такі бясспрэчна відавочны.

Першае ўражанне ад Дземідовіча - "недзе бачыў яго". І прыгадаў дзе - 19 лютага 2008 у філармоніі, на канцэртным выкананні нашай Операй "Барыса Гадунова" (дарэчы, вельмі і вельмі цікавага, у якім фенаменальна  спяваў партыю Пімена 86-гадовы ветэран тэатра Міхаіл Дружына) - Юра насуперак традыцыі дэбютаваў у партыі царэвіча Фёдара, здаецца (хаця паводле аўтара і традыцыі тут павінна было быць мецца-сапрана - ці я памыляюся?). Юра  там правішчаў некалькі фразаў ды і тое ў мікрафон, але запомніўся здольным дзіцем. Наколькі я тады зразумеў, ён спявае ў дзіцячай студыі оперы і штосьці мне падказвае, што ён ці не сын кагосьці з оперных - ці харысткі ці салісткі ці, можа, кіраўнічкі той студыі. Няма як спраўдзіць. Можа хто ведае? Карацей, і тут не без Оперы. Там ён, думаю, і навучыўся спяваць.

Нумар мне ў цяперашнім выглядзе не спадабаўся. І перарабляць яго ў кірунку стылістыкі фільмаў "Омэн" я б не стаў. Я б дадаў сцёбу і зрабіў бы гэта ў стылістыцы савецкага дзіцячага  харавога акадэмізму, хаця ў Еўропах гэта б не зацанілі б.


  

30 Тра 2009

Гармонія

Ці ведаюць яны?

Чытаю ЖЖ сваіх ліцэйскіх дзетак і радуюся... Якія яны ўжо прыгожыя... Блізкія да гармоніі... Метамарфозы брудных качанятаў...
Бачу ў іх тэкстах столькі мастацтва, іроніі, лёгкасці... Бачу сябе... Гэта ёсць мой самы ўдалы педагагічны поспех...  
Я так сумую па сваёй групе...
Дзеткі, я люблю вас. Вы прыгожыя людзі. 

29 Тра 2009

Гармонія

Радзівілы і мой настрой

Проста прыбалдзеў ад шарму гэтай старушэнцыі княгіні...) 
Так прыемна было на гэтым тыдні чытаць пра прыгоды Радзівілаў у Беларусі.
Малайчынка Глеб Лабадзенка.
На ягоным блогу шмат красамоўных фотак:
labadzenka.by
Цэтлікі:

17 Тра 2009

Высокае

14 траўня 2009: Картэсам па Чэхаву. Удала.

Мядзведзь/Картэс
Лібрэта Уладзіміра Халіпа

Беларуская дзяржаўная філармонія
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь
Салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Папова, удавіца з ямачкамі на шчоках (сапрана) – Алена Бундзелева (1-е вык.)
Лука, лёкай Папова (тэнар) – Юрый Балацько (1-е вык.)
Смірноў, не стары пан (барытон) – Станіслаў Трыфанаў (1-е вык.)

Дырыжор-пастаноўшык – Аляксандр Анісімаў
Рэжысёр-пастаноўшык – Галіна Галкоўская
Канцэртмайстар – Галіна Аляшкевіч



У чацвер у Філармоніі адбылася прэм’ера оперы Сяргея Картэса “Мядзведзь” паводле Антона Чэхава. Прэм’ера оперы беларускага кампазітара ды яшчэ і жывога (дай Бог здароўя) – рэч па мерках нашага часу надзвычайная. Ад таго хвалюючая і цікавая. Агульнае ўражанне – і Картэс, і Чэхаў жывыя ))
Акрамя прэм’еры вечар меў надзвычай прыемнае першае аддзяленне. Французскі скрыпач Аліўе Шарлье (Карловіч, па-нашаму) і аркестр Анісімава пад яго ж кіраўніцтвам бліскуча, тэмпераментна, жыва і пры гэтым вельмі далікатна сыгралі скрыпічны канцэрт Чайкоўскага.

Картэс і я. Джардана Бруна, Дзюрэнмат, Брэхт, Купала, Чэхаў – не абы які іменны паказальнік да опернай творчасці Картэса, размах і маштабнасць задумаў навідавоку. Але я, па прычыне ўзросту, які не дазволіў мне заспець “ранняга” Картэса, магу меркаваць пра яго толькі па апошніх операх, музыцы да спектакляў, у чым ён таксама набіў руку. І па вялікім рахунку, калі казаць пра чэхаўскую дылогію, пры тым, што музыка вельмі цікавая (асабліва ў “Мядзведзі”), а месцамі нават прыгожая, гэта музыка да спектакля. Не ў тым сэнсе, што яе мала ці яна слабая, а ў тым сэнсе, што драматычны бок у гэтых творах галоўны. Чэхаў. І правільна.
Картэс мне чамусьці запомніўся ненавіснікам усяго беларускага. Хаця ён увесь час падкрэслівае на словах любоў да беларускай культуры, Купалы, Барадуліна нават… А вось мне ўвесь час здавалася, што гэта, можа і але практыка паказвала адваротнае… Зрэшты, не думаю, што ў бліжэйшы час у оперы зноў будзе хоць фармальная беларускасць.
Картэс запомніўся вялым кіраўніком з усімі ўнутрытэатральнымі наступствамі, хоць я ніколі не імкнуўся ўлезці ва ўнутрытэатральныя справы. Асабліва непрыемна любая інфармацыя негатыўнага плану пра салістаў, дырыжораў etc. Хочацца думаць пра іх добра, не разбураць станоўчых вобразаў, любові. Але ад гэтых унутрытэатральных спраў праз адсутнасць нармальнага менеджменту церпім і мы – шараговыя гледачы. Пры Картэсе нацярпеліся, а пры Ізворскай і пагатоў. І, падобна, эпоха шудраў, у якую незаўважна ўступіла і ў якім існуе наша беларускае грамадства, працягваецца ў Оперы і зараз.

Картэс і Чэхаў. Хто б і дзе б не замахваўся на Чэхава – у кіно, тэатры, музыцы – заўсёды непакоішся, каб гэта не быў двубой, каб не прыстрэлілі Чэхава… Яго вадалейскасць стылю, вобразаў, прабелаў і паміжрадкоўяў, яго іранічную мову, уяўную легкадумнасць… Каб героі не ператварыліся ў карцінна-касцюмных пахабных, прымітыўных мяшчан-сацыятыпаў а ля Аляксандр Астроўскі. Падобнае хваляванне ў мяне было перад прэм'ерай "Вяселля" ў Купалаўскім.
Але Картэс ужо меў сякі-такі, добра ўвасоблены выканаўцамі, досвед. У Швейцарыі адбылася т.зв. “сусветная прэм’ера” “Юбілея”, пасля чаго ён быў паказаны пару разоў у нашай оперы. Чэхаўскую дылогію Картэса, быццам былі прынялі да пастаноўкі ў Камерным тэатры Пакроўскага ў Маскве, але, штосцьі яна там пакуль не з’явілася. Ці я памыляюся?
Поспех яго першага чэхаўскага “стрэлу” – “Юбілею” – цалкам на выканаўцах. З задавальненнем прыгадваю Наталлю Рудневу, Эдуарда Пелагейчанку, Таццяну Трацяк, Алега Мельнікава. Была сапраўды бліскучая работа найперш у плане акцёрства. Оперныя спевакі раскрываліся ў сваім пераканаўчым драматычным таленце напоўніцу. У астатнім пастаноўка была слабая, сцэнаграфія жахлівая…  
Адносна “Мядзведзя”, я хваляваўся, што стваральнікаў спектакля будзе пераследаваць неверагодна бліскучы “Мядзведзь” Белдзяржкіно 1938 года з Міхаілам Жаравым і Вольгай Андроўскай у пастаноўцы Ісідара Аненскага. І трэба сказаць, недарма. Больш за ўсіх абстрагаваўся ад гэтай усім вядомай экранізацыі Картэс, у той ці іншай ступені Бундзелева-Трыфанаў-Балацько. У меншай – Галкоўская.

Музыка мне спадабалася. Яна не падалася мне залішне картэсаўскай. Музыка лепшая, на мой погляд, за музыку “Юбілея”. Дакладней, у “Мядзведзі” яе больш. Больш музыкі. І месцамі нават вельмі прыгожая, нехарактэрна меладычная. Як, можа, ніколі, у Картэса заззялі, у многім дзякуючы Анісімаву, струнныя. Слых нічога не рэзала. Музыка адпаведная чэхаўскаму настрою. Іранічная, светлая, жыццярадасная, якая выступае не назойлівым музычным каментаром да дзеі, а даволі самадастатковая і адначасова вельмі пасуючая. Карацей, відаць, што шмат укладзена ў яе душы, працы, не абы-якая багатэлька. Картэс ідзе па шляху спрашчэння, такая музыка ўспрымаецца ўсімі. Пад прыгожы вальсок з оперы музыкантаў адорвалі кветкамі на паклоне. Аўтар нават патаньчыў з тым-сім. Атрымалася вельмі па-сямейнаму і шчыра. Скрыпач Аліўе Шарлье, які вырашыў пабыць на прэм’еры, вельмі шчыра пляскаў у далоні з ложы. Цяжка сказаць, што яго захапіла, але ўсе радаваліся поспеху і ён таксама.

Галоўнымі аўтарамі поспеху, нароўні з Картэсам і аркестрам, былі, канечне, выканаўцы партый. Юрый Балацько, даволі пасрэдны тэнар, але старанны, што разумеюць і ў родным тэатры, на татальным тэнаровым бязрыб’і стараючыся неяк яго абгабляваць, даючы новыя і адказныя партыі, у “Мядзведзі” праявіўся як таленавіты характарны тэнар. Яго паспяхова жахлівы грым, ператварыўшы маладога шчэ хлопца ў нейкую беспародную пляшывую старэчую істоту, а таксама яго паспяховае, хаця ў многім даволі хадульнае, школьніцкае, вырашэнне рэжысёрскай задачы, натхнілі мяне на думку аб тым, што Юрый мог бы сыграць Паліграфа Паліграфавіча Шарыкава дзе-небудзь. Трэба сказаць, што спяваць яму ў “Мядзведзі” было мала чаго, але справіўся ён добра, чым заслужыў маю павагу. Ягоны голас месцамі гучаў як барытон. Мне заўсёды здавалася, што тэнарам яму цяжка спяваць.

Алена Бундзелева і Станіслаў Трыфанаў выдатна справіліся, паклаўшы ў сваю і не без таго вялікую капілку роляў яшчэ і гэтыя. Бундзелева, гэтая найвялікшая старанніца і перфекцыяністка Беларускай Оперы, сама сціпласць, вытанчанасць і хараство, стваральніца бездакорных вобразаў, пучыніеўска-моцартаўская каралева, штораз дэманструе свой высокі прафесіяналізм. Апошнія гады ў яе штосезон па дзве новыя партыі. Вось, Паміна дарасла ўжо і да ўдавіцы з ямачкамі на шчочках…)) Вобраз Паповай быў увасоблены Аленай выдатна. Далікатная какетлівасць, прыхаваная дзявоцкая гарэзлівасць, уласцівая спявачцы і ў жыцці, з новымі фарбамі гіпертрафіраванасці заззялі і ў “Мядзведзі”. Крыклівыя тэсітуры сучасных операў, як аказалася, Бундзелева заваёўвае без цяжкасцяў. Хаця месцамі Картэс адарыў партыю ўдавіцы і прыгожымі кантыленнымі момантамі, але збольшага роля вымагае драматычнага прыярытэту. Віншуем усімі любімую спявачку з чарговым поспехам і чакаем новых трыумфаў. Відаць, камічны жанр не адступіцца ад Алены Бундзелевай без бою – напрыканцы сезона чакаем яе новай работы – “Чужое багацце” Яна Давіда Голанда.

Станіслаў Трыфанаў – гэты прыемны сібірскі хлопец, які да таго ж паспеў пажыць у Адэсе, – як быццам народжаны быць Мядзведзем. Не ведаю, хто б лепей упісаўся ў гэтую партыю з беларускіх спевакоў. Трыфанаў пераканаўча малюе вобраз грубіяна з гарачым сэрцам, палкага і шчырага “не старога яшчэ пана”, гэткага канцэнтрату расейскасці, увасабленне ўсіх гэтых этнастэрэатыпаў пра шырыню душы, “рубаху-парня”, “коль любить, так без рассудку, …коль рубить, так уж с плеча!” . Хаця метамарфоза героя магла б знайсці і лепшае адлюстраванне ў вакальным тэксце ролі. Напрыканцы, усё ж хацелася больш далікатнага спеву. Але гэта так, дробязі. Трыфанаў даказвае, што яму, пры бясспрэчнай знешняй брутальнасці, уласціва і майстэрства характарных партый.  

Пастаноўка. Дакладней, яе адсутнасць. Галіна Галкоўская, вырашыла спектакль у звыштрадыцыйнай манеры, якая хутчэй нагадвала мастацкую самадзейнасць. Асабліва ўражвала сцэнаграфія. Я, канечне, разумею, што грошай няма і г.д., але нейкага больш прафесійнага мастацкага погляду, можна было дапрасіцца. Безгустоўнасць усіх гэтых столікаў, крэслаў, а дакладней, падручных сродкаў, псавала агульнае станоўчае ўражанне. А касцюмы наогул былі змаляваны з вышэйпамянёнага фільму.

Нельга не адзначыць таленавітае лібрэта. Добрае разуменне стылю, нічога лішняга, вызначэнне лейтматываў. Канечне, Уладзімір Халіп працаваў з чэхаўскім тэкстам, а не абы з чым. Але ён не забіў Чэхава. За што яму дзякуй.
Аркестр
з цяжкасцю стрымліваў смех па ходу дзеяння. Асабліва перажываў за першую скрыпку, Юлію Стэфановіч. Сапраўды, было з чаго. Анісімаў традыцыйна самалюбаваўся, але трэба сказаць, што ўсе два аддзяленні прайшлі на вельмі высокім узроўні. Відаць, што і “Мядзведзь” рыхтаваўся не халтурна. Самае забаўнае, што оперу Картэс прысвяціў акурат маэстра Анісімаву)) Не без гумару чалавек гэты нашчадак канкістадораў)).

Зала шчыра выказвала сваё задавальненне. А мне здавалася, што ўсё б магло быць значна больш удала сродкамі тэатра. Успомніліся часы калі Анісімаў усім руліў. Ды і паставіць спектакль у оперы – гэта не тое самае, што ўзяць два крэслы з-пад дупы філарманічнай адміністрацыі, выцягнуць іх на лапічак сцэны перад аркестрам. Цікава, а ці былі намеры-звароты ў тэатр з гэтай нагоды? Нядобра неяк. Картэс і Анісімаў, якімі б не былі, маюць поўнае права лічыць оперны сваім. Асабліва Анісімаў, бо ён там нарадзіўся як дырыжор. І стала неяк нядобра мне, горка… Асабліва пасля прачытання інтэрв’ю з Галоўным у “НВ” (http://www.nv-online.info/index.php?c=ar&i=14314). Гарачы ён хлопец… Не наш гэта тэмперамент… Нам трэба якога немца чоткага, раз ужо запрашаем. Пра гэта іншым разам.

 

07 Тра 2009

Высокае

29 красавіка 2009: Эрзац-“Тоска” ў Оперы, ці Як мяне мучылі здані

Tosca/Puccini
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Флорыя Тоска – Святлана Марусевіч (1-е вык.)
Марыо Каварадосі – з.а. РБ Сяргей Франкоўскі
Барон Скарпіа – н.а. Бел. Уладзімір Пятроў (1-е вык.)
Чэзарэ Анджэлоці – з.а. РБ Васіль Кавальчук
Закрысціянін – з.а. РБ Аляксандр Кеда
Спалета – Юрый Балацько (1-е вык.)
Шаронэ – Алег Гардынец (1-е вык.)
Турэмшчык – адсутнічаў
Дырыжор – Віктар Пласкіна
Хормайстар – Ніна Ламановіч

Мучылі здані Ціта Гобі, Мікалая Майсеенкі і Надзеі Губскай.

Агульнае ўражанне спрэчнае, бліжэй да нядобрага. Нам сталі прадаваць квіткі нават не на прагоны, а на рэпетыцыі. Плаваючы, няпэўны аркестр, сыры Пятроў ды і гэтыя экзерсісы ва ўдасканаленні канцэртных версій. Элементы пастаноўкі ўсё ж былі – адным так хацелася граць, яны гэта і рабілі збольшага, іншым не хацелася… Не абышлося і без купюраў… Павыразалі цэлыя сцэны.

Расчараванні. Таму што люблю.
Пятроў не можа і не павінен брацца за ўсё, што даюць… Партыя Скарпіа не для Пятрова, гэта было ясна і да спектакля, у тым ліку, спадзяюся, і для яго самога. Зразумела, што працы для ўласна лірычнага барытона ў нас няшмат. За апошнія гады ў Пятрова голас панізіўся праўдамі-няпраўдамі, але яго Набука, Аманасра, Гразной, Князь Ігар не проста спрэчныя, а па маім глыбокім перакананні, няўдалыя. Ну не яго гэта! Ён з усіх сілаў мкнецца зрабіць іх дастойнымі, але… Усяму ёсць мяжа. І гэтая мяжа – Скарпіа. Я і пасля князя Ігара гнаў ад сябе негатыўныя думкі пра любімца публікі… Стараўся не выказваць свайго незадавальнення. Зараз, таму што люблю, расчароўваюся і выказваю сваё абурэнне.

Пятроў – бліскучы Анегін, Ялецкі, Дон Жуан, Марсель, Радрыга, добры Рэната, дзі Луна, Шарплес, Джані, Эскамільё, прыстойны Жэрмон, Альфіо, Шаклавіты і інш. Але няўжо няясна самому, што са Скарпіа нічога не атрымаецца? Здаецца і спяваць там асабліва не трэба, партыя дэкламацыйнага плану, а ты паспрабуй усе гэтыя крыкі праспяваць, усю гэтую пахатлівую энергію, усю гэтую крыважэрнасць і ўтаймаваны тэмперамент. Канечне, Скарпіа не павінен быць хрэстаматыйным, такім якім яго зрабілі Гобі, Раймондзі, Басцьяніні… Пятроў меў права на свайго Скарпіа – халоднага стрыманага падступніка, такога сабе малавыразнага… Але і такога мы не атрымалі… Пятроў яўна не спраўляўся і ў першую чаргу вакальна. У заключнай арыі з першага акту A doppia mira tendo барона не было чуваць, пры гэтым не сказаць, каб яго глушыў аркестр ці хор. А хор акурат быў раскошны… У другім акце выступленне народнага артыста было вельмі няроўным. Адчувалася, што спявак падыйшоў да новай партыі непрафесійна – вельмі ўжо сыра ўсё, недароблена… Было адчуванне, што гэта экспромт, спевы з ліста ўпершыню… Хочацца верыць, што гэта не так.

Уладзімір Пятроў апошнімі гадамі ва ўсіх сваіх выступленнях выглядае не стомленым, але вельмі халодным, раўнадушным на сцэне, адцягненным у нейкія касмічныя турботы і перажыванні, загадкавым.
Канечне, калі б пастаноўка была нармальнай, а не ўбогай канцэртнай версіяй, дапускаю, што Пятроў мог быць больш пераканаўчым, што ўдалося яго партнёрам у гэтым спектаклі.

Мяне ж апаноўвалі здані ўвесь час – я амаль плакаў над страчаным. Ідэальным, на маю думку, Скарпіа быў і, спадзяюся, ёсць Мікалай Майсеенка – вытанчаны, арыстакратычны, тонкі злодзей, ён абсалютна заваёўваў гледача-слухача. Майсеенка рабіў ідэальна кожную мізансцэну, дамінаваў на сцэне, прадуцыруючы адпаведную энергетыку. Яго акцёрскі ансамбль з той жа Шарубінай быў бездакорна пераканаўчым. Лічу гэта адным з самых удалых яго вобразаў. І вакальна партыя яму пасуе. І спадзяюся, ТАМ гэта разумеюць, а не толькі любяць вынаходзіць ровары.

Франкоўскі. Вельмі парадаваў. Наколькі мог ён добра спяваць, ён спяваў. Пры тым, што сам яшчэ не ўпеўся ў гэтую партыю. Як сведчаць мае мемарыялы, Сяргей Валянцінавіч уводзіўся ў гэты спектакль разам з Глаголевай 27 траўня 2004 г. і, падаецца, больш не спяваў у гэтым спектаклі… Першае яго выкананне, помніцца, было вельмі няўпэўненым. Зараз жа наадварот – падкрэсленае дэманстрацыя прафесіяналізму. Месцамі ж спяваў нават вельмі прыгожа)) Але хочацца, каб ён зрабіў больш інтанацыйна акрэсленымі арыі. Асабліва E lucevan le stelle, у якой бы не зашкодзіла б большай драматычнай выразнасці.

Марусевіч. Калі б я добра спрагаў італьянскія дзеясловы, я б здолеў паставіць дзеяслоў luccicare ў патрэбную форму, каб сказаць нешта накшталт E lucevan la Sveta, кажучы пра яе першую Тоску. Сапраўды добрая і перспектыўная спявачка. Не магу сказаць, што я ў захапленні ад яе голаса. Мне вельмі падабаецца як яна працуе ў князі Ігары – упэўнена трымаецца, добра адчувае сцэну, партнёраў, пераканаўчая ў сваім артыстызме, з нейкімі прымадоннаўскімі замашкамі нават. Цікава было і ў “Алеку”, але пра гэты праект не хочацца нават і згадваць. Прыемна глядзець на гэтую берасцейку і вучаніцу Ірыны Шыкуновай. Не хочацца дачасна даваць суб’ектыўныя характарысткі яе голасу. Адно толькі я не быў упэўнены, што яна прыдатная да Тоскі, лічачы яе голас невялікім. І дарма. Яе Тоска можа быць цалкам прыстойнай. Думаю, тое што яна паказала ў першым выкананні – гэта не верх яе магчымасцяў у гэтай партыі. Самым удалым можна лічыць трэці акт і дуэт у ім – Святлана распелася, разгарачылася, вельмі прыемна выглядала. Няроўна спявала другі акт, асабліва не ўдалася арыя… Думаю, што перахвалявалася. Але збольшага ўражанні ад Марусевіч-Тоскі вельмі нават добрыя. Паназіраем. Глядзеў на Марусевіч, радаваўся за яе, але згадваў Шарубіну і, канечне, Надзею Губскую – адзін з найярчэйшых маіх оперных успамінаў. Ужо не на піку формы, Губская была неверагодна тэмпераментнай, цэльнай, завершанай Тоскай, поўнай нейкага непадробнага драматызму.

Парадавалі выканаўцы дробных партый. Асабліва Сан Саныч Кеда. Захапляюся ягонай сцэнічнай абаяльнасцю і далікатным барочным басам. Практычна адзіны чалавек (нароўні з Аленай Бундзелевай), хто мне падабаецца заўсёды. 

Аркестр Пласкіны падаваўся вельмі непадрыхтаваным. Першая “Тоска” галоўнага выглядала, на мой розум, блякла.

 

26 Крс 2009

Высокае

24 красавіка 2009: Nabucco

Nabucco/Verdi
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Набука – Станіслаў Трыфанаў
Абігайль – з.а. РБ Тамара Глаголева
Фенена – Аксана Волкава
Ізмаіл – з.а. РБ Сяргей Франкоўскі
Захарыя – Андрэй Валенцій
Анна – Ала Пласкіна
Абдала – Юрый Балацько
Жрэц – Аляксандр Кеда
Дырыжор – Віктар Пласкіна
Хормайстар – Ніна Ламановіч

Агульныя ўражанні – больш-менш добрыя.
Пры гэтым мне не падабаецца новы тэатр, мне там пакуль няўтульна, не даходзіць са сцэны тое, што я чакаю, што люблю. Паходы ў тэатр пакуль зводзяцца да адных назіранняў. Усе так хацелі і чакалі заканчэння рамонту, адкрыцця, а зараз асабіста я ўжо сумую па… Доме афіцэраў. Сем маіх першых сур’ёзных оперных год прайшлі ў тэатры, апошнія тры гады ўсе мы задавальняліся ЦДА. І зараз падаецца, што гэта быў час выпрабаванняў для ўсіх, але гэта быў вельмі рамантычны перыяд, калі ў оперу хадзілі па-сапраўднаму адданыя ёй людзі, горача падтрымлівалі салістаў, хор, аркестр, ядналіся, збліжаліся, знаёміліся. Усё было навідавоку, у атмасферы нейкай цёплай сямейнасці… Усе былі гасцямі ў гэтым сумным, але даволі ўтульным савецкім будынку. Іосіф Лангбард, архітэктар абодвух будынкаў – Оперы і ЦДА, - відаць, слухае ў лепшым свеце чароўныя гукі Моцарта, Вердзі, Пучыні…

Рэабілітацыя Глаголевай. Перад самым паходам я даведаўся, што Ніна Шарубіна не парадуе мясцовую публіку сваёй чарговай Абігайль. Спачатку гэта мяне не вельмі ўзрадавала, але сітуацыю я ацаніў як выдатную магчымасць адчуць нешта новае, паколькі апошнія гады Тамара Міхайлаўна Глаголева, на жаль, не проста не стабільная спявачка… Яна надзвычай выкшталціла сваё майстэрства ўздзейнічаць на тыя зоны майго мозга, якія адказваюць за цэлую гаму спрэчных эмоцый, такіх як спагада, спачуванне і, што самае паганае, нават сорам… Хаця ў былыя часы яна стымулявала іншыя зоны, якія і павінна, па маім разуменні, выклікаць опера ды і высокае мастацтва ў цэлым.

Я і зараз не разгубіў свайго захаплення ёю, не кажучы ўжо пра павагу. Пагаджаючыся з думкай большасці, што пара б ёй ужо падумаць і пра вушы слухачоў (у тым ліку адданых ёй) ці пра выкладчыцкую дзейнасць, я ўсё ж адбіваю ўсякія напады на Глаголеву, якую люблю па-ранейшаму, якая падаравала мне столькі цудоўных Чыо-сан, Віялет, Абігайль, Аід, Амелій, Леанор, Надзей Яноўскіх і інш.

У бягучым куцым сезоне, не багатым на спектаклі ўвогуле, Глаголева, адпачыўшая, параўнальна някепска выступіла ў “Турандот” і цяпер, трэба прызнаць, у “Набука”. Глаголева ўчора прадэманстравала не былую славу, гэта былі спевы школай, нейкія экзерсісы ў эксперыментальным гукавыманні, але гэта было больш-менш прыстойна. А месцамі, асабліва ў сярэднім рэгістры, нават вельмі прыгожа. І галоўнае, што яе хапіла на ўвесь спектакль. Не без праблем, але хапіла. Артыстка не засяроджвалася ўжо на вобразе, практычна кінула ўсе сілы на вакал, на патрэбу годна справіцца з партыяй і… атрымалася. Гледачы шчыра парадаваліся і прымалі Тамару, у якой заўсёды былі манеры сапраўднай прымы, вельмі горача. Учора яна была не той глаголеўскай Абігайль узору пачатку стагоддзя, была вельмі непаслядоўнай у акцёрстве, у тым, у чым магла б даць фору практычна ўсім нашым салісткам, нехаця ствараючы даволі спрэчны вобраз. Разбэрсанай, крыху развязнай сучаснай дзяўчыны. Але Глаголева, спраўляючыся ўчора з надзвычайнай складанасцю выканання і без таго звышцяжкой партыі, спяваючы недасканала, але больш-менш прымальна, перажывала шчаслівыя моманты. Асабліва ў Anch'io dischiuso un giorno, стоячы адна на сцэне, па-глаголеўску жэстыкулюючы, кепска вакалізуючы, яна не выклікала шкадавання, яна царыла на сцэне, якой аддала ўвесь свой талент, лепшую частку жыцця.

Так што я ўжо не ведаю, ці варта ёй сыходзіць. З пазіцый добрай пра сябе памяці, безумоўна, варта. З пазіцый патрэб тэатра, то так як учора Глаголева магла б яшчэ паспяваць. Не думаю, што ўчора былі рэпетыцыі з Глаголевай. Выручыць у такой сітуацыі Тамара Міхайлаўна заўсёды можа.  

Трыфанаў. З усіх яго партый, якія ён спеў у нашай оперы, гэтую лічу самай яму падыходзячай – і па вобразе, і па голасе, і па ўсім астатнім. Трыфанаў малайчынка. Гэтакі брутальны Набука. Вакальныя недахопы ўладальніка грамабойнага барытона (дыкцыя etc.) у гэтай партыі практычна не адчуваюцца. З задачай спраўляецца вельмі добра.

Валенцій. Не падабаецца і ўсё тут. Другі ягоны Захарыя і, на маю думку, няўдалы. У спевака яўна праблемы з голасам, нізы яго невыразныя, вярхі і асабліва пераходы да іх жахлівыя, тэмбр мне не падабаецца. Ды і не думаю, што ад лепшае долі ўцякаюць з Бальшога. Знешне такі каменны, непаваротлівы, невыразны. Будзем назіраць. Можа што зменіцца, а можа я залішне перадузяты. Хаця Грэмін яго мне спадабаўся.

Франкоўскі, Волкава. Франкоўскі быў учора традыцыйна прыстойным, месцамі спяваў нават вельмі прыгожа. Волкава напачатку спектакля была нейкая невыразная, асабліва, як мне падалося ў ансамблях (ансамблі мне ўвогуле ў гэты раз не спадабаліся), але ў адзінай арыі O dischius'è il firmamento здолела прадэманстраваць усё сваё хараство. Крыху б менш статычнасці ў вобразе. У гэтым, канечне, Ціўнова, больш дае рады.

Пра публіку. Публіка дзіка пляскала ў далоні, хаця спектакль быў не самы лепшы. Думаю, зараз, на хвалі турыстычна-экскурсійнага інтарэсу, пры ўдалым мэнэджмэнце і піяры, можна было б шмат новых гледачоў прыцягнуць у тэатр.

Аркестр.
Спадабаўся.

 Хор
Як і чакалася, стаў сапраўдным героем вечара. Няма слоў. Выдатнае гучанне, дасканалая тэхніка, добрая артыкуляцыя. Нават хор тэнароў у самым пачатку оперы, выкананне якога мне заўсёды не падабалася ў нашай оперы, прагучаў так, што мне спадабалася. Дзякуй Н. Ламановіч за нашае шчаслівае дзяцінства)) 


16 Крс 2009

Высокае

Пра Мірэлу Фрэні

Апошнім часам заўважыў, што опера мяне стамляе… Я амаль толькі яе і слухаю. І таму, ужо не заўважаю… Ці гэта праз іншае. Адкрываю іншыя гарызонты. Шмат стаў слухаць інструментальнай музыкі. Усю зіму інтаксікаваўся акадэмічнай музыкай ХХ стагоддзя… Нават не думаў, што я дарос да такіх “гармоніяў” :) Адкрыў для сябе кучу ўсяго… А ў оперы мяне пацягнула на “акуратных” спевакоў, але не “хімічных”. Раней я мог дараваць вакальную недасканаласць у імя глыбіні пачуцця, мастацкай выразнасці вобразу. А зараз мне цікавыя ўсякія каларатуры, віртуозныя спевы… Але сярод сапран ёсць тыя, хто аднолькава ўпэўнена можа спець і Віялету, і Абігайль.

Нездарма, што нядаўна я наноў адкрыў Мірэлу Фрэні (Freni). Па-мойму, яна носьбітка вакальнай культуры унікальна высокага ўзроўню. Раней я лічыў яе голас не вельмі цікавым тэмбральна… О, як жа я памыляўся! Відаць, мала слухаў. Я яе ведаў толькі па караянаўска-панэлеўскаму фільму-оперы “Мадам Батэрфляй” з улюбёным Дамінга. Кажуць, Фрэні перамагла ў конкурсе на радыё з Un bel di vedremo ў 10 год (!!!). Гэтай арыі нават прафесійныя сапраны з гіганцкімі дыяпазонамі баяцца як агня.

Фрэні лічыцца адной з самых выдатных пучыністак. Не магу не пагадзіцца. Яе Мімі, Чыо, Манон, Тоска зачароўваюць… Паназбіраю яе запісаў і прысвячу ёй месяц. У маім плэеры будзе толькі Мірэла Фрэні. Хачу хутчэй гэтага месяца, вызваліцца хоць трохі ад абавязкаў, ад працы. Хачу больш такіх месяцоў, по папярэдні месяц Анны Мофа скончыўся яшчэ, здаецца, ў кастрычніку .
Дарэчы, Караян выказваўся, што, калі б ён быў вакалісткай, то быў бы Мірэлай Фрэні .

 
Цэтлікі: , ,

11 Крс 2009

Высокае

Кусто і Кусты

Прачытаў у сераду ў НН, што, маўляў, Жак-Іў Кусто-беларус. Няўжо праўда? Бацька ж яго, здаецца быў адвакатам. Ці ўсё ж эмігрантам з балдуцкай рыўеры? 
Высокае

Шарубіна і абноўленая Опера: хто каго?

Візіт (ужо трэці ў абноўлены будынак і недзе 300-ты ў нашую оперу ўвогуле) на канцэрт вельмі паважанай мною Ніны Шарубінай выклікаў супярэчлівыя эмоцыі. Ніначка, канечне, была цудойнай, але ўражанняў не было ніякіх... Новыя парадкі ў тэатры, пра што трэба гаварыць асобна, і акустыка, якая, на думку айчынных прапагандыстаў-гебельсаўцаў  і адным ім вядомым "спецыялістам", "палепшылася" забіваюць у мяне надзею на тое, што я буду як раней хадзіць у свой гэты тэатр... Калі, канечне, сітуацыя не выправіцца...

Пра сам канцэрт 7-га красавіка.
Падача канцэрта як канцэрт з нейкага звышарыгінальна-канцэптуальнага цыклу, задуманага маэстра Волічам, ад пачатку не выклікала ў мяне веры ў нейкую канцэптуальнасць. Сольнік як сольнік.
Агульная адзнака: 7 (нечага не ставала, не даходзіла са сцэны да гледача цудоўнае мастацтва Ніны Шарубінай).

Ва ўмовах проста жахлівай акустыкі, пахабнага мастацкага вырашэння сцэны, спрэчнага канферансу, Ніна рабіла сваю справу. І рабіла, як заўсёды горда, велічна, бліскуча, памнажаючы ў разы і без таго вялікую павагу і любоў публікі, у тым ліку і маю. Яшчэ да пачатку канцэрта, на ганку, я ўпершыню пазычыў свой тэлефон незнаёмцу. Мужчына гадоў 30 хваляваўся за сваю спадарожніцу, якая спазнялася. Я мімаходзь, у антрапалагічна-сацыялагічных мэтах, запытаўся, ці ведае ён куды і на што ідзе. Адказаў, што, канечне ведае, але ў оперы бываў лічаныя разы. Прозвішча "Шарубіна" ён вымаўляў з прыдыханнем і павагай, як кажуць пра сусветных зорак з інтанацыяй: "Ну, ціпа, этажжжж Шарууубіна!" Па яго прызнанні, на яго зрабіла ўражанне рэклама, якая падавала Шарубіну як ледзь не нацыянальную гераіню. Шарубіна аб'яднала ўсіх. На канцэрце быў заўважаны і старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі з сям'ёй, які, між іншым, сам добры лірычны тэнар, і ў цэлым шануе як оперу, так і Ніну Шарубіну. 

Пр акустыку.  "Песня спевака за сцэнай".
Новая акустыка нашай Оперы для мяне вельмі загадкавая. У цэлым нейкі дзіўны стэрэаэфект, адчуванне акварыуму, басейна, спеву ў далёкім пакоі вялікай кватэры... Хор гучыць някепска, бо ён хор. Аркестр гучыць то дрэнна, то дрыжыць усё ў зале. Салістаў жа практычна не чуваць. Галоўнае не тое, што гукі не далятаюць, а тое, што не даходзіць праз гэта агульная энергетыка спевака, не ствараецца вобразу. Гук у залу практычна не ідзе. Пытанне - куды ён дзяецца? ПАТЛУМАЧЦЕ, куды ідзе гук? У каласнікі? Пры гэтым, з  розных месцаў сцэны, ідзе абсалютна розны гук. Гэта значыць, што ёсць  на сцэне лепшыя пазіцыі, а ёсць горшыя. Гаворка не пра глыбіню сцэны, адкуль таксама павінен гук ісці. Але тут нават на самым перадзе, на авансцэне стоячы - ні халеры! Спявак змушаны неяк кампенсаваць гэта. Але як? Фарсіруючы гук? Не ўсе гэта будуць рабіць. Шукаючы лепшую пазіцыю на сцэне? Ператворыцца ў нейкую гульню. Што трэба было зрабіць з залай, каб не было нармальна чуваць Шарубінай, Пятрова, Франкоўскага? Гук, канечне, нейкі ёсць, але надзвычай спецыфічны, глухі, як у парылцы, недзе губляецца, раствараецца ў малекулах паветраных газаў тут жа, у  спевака пад носам. Ідзе скажэнне тэмбру, не магчыма разабраць далікатных піяна, нізоў жа не чуваць зусім! У партэры я пакуль не сядзеў,  бельэтаж - вельмі дрэнна. Лепшы гук, што адпавядае фізіцы,  на балконе. Калі сітуацыя не выправіцца, то... нам усім гамон. Поўная дыверсія ў дачыненні да прафесіі. Калі трупа з такім згодна, то хутка тэатр стане тэатрам аднаго толькі балета. Ды і тое, яго глядзець трэба, а ў зале з'явілася куча нязручных месцаў.
Агульная адзнака: 0 (няма яе, акустыкі)

Пра Шарубіну. 
Улічваючы складанасць праграмы, уласную амбітнасць, усе пра гэтыя праблемы з акустыкай, гераіня вечара адпрацавала на  вельмі высокім узроўні і не проста апраўдала ўсе чаканні, але і парадавала новымі заваёвамі. Быў уражаны  In questa reggia і ўвогуле  ўсёй сцэнай з "Турандот".  Засталося толькі выканаць гэтую партыю цалкам,  пры ўсёй яе  вакальнай крывавасці. Думаю, што Ніна разумее, што гэта абсалютна яе партыя. Галоўнае ўстрымацца ад вобразнага падабенства з Абігайль. 
Найлепшым нумарам нароўні са сцэнай з "Турандот",  на маю думку, была арыя Suicidio з "Джаконды ", выкананая надзвычай прыгожа, з ашаламляльным пачуццём. Шкада, што не ідзе ў нас гэтая  ў цэлым даволі прыстойная опера.
У нейкім хваляванні за эфекты прагучалі дуэты.  
Ніна паспрабавала сябе і ў чужым, даволі высокім сапранавым рэпертуары, хаця, верагодна, яна так не думае. Каваціна Нормы, якая дала назву канцэрту - Casta diva - прагучала, як на мой погляд, някепска, але ўсё ж, я б не думаў, што "пераканаўча гучаць у верхнім рэгістры", гэта тое самае, што спяваць Норму. Хаця, гэта было па-свойму прыгожа і ў цэлым прыстойна. Але лепш не спяваць. Тое самае і пра арыю Надзеі з "Дзікага палявання". Вялікі дзякуй Ніне, што беларускі нумар усё-такі быў, але, на маю думку, спявачцы было цяжкавата спраўляцца з тэсітурай гэтай прыгожай арыі. Лепш бы яна абрала арыю Ірыны з "Сівой легенды" Смольскага - і па голасе яе, і арыя эфектная, і вобраз пасуе, і выконвала ўжо адзін раз калісьці (здаецца, у 2003 г. на грандыёзным беларуска-оперным канцэрце - так ён мне запомніўся. А беларускасць можна было прадэманстраваць і запрасіўшы беларускамоўнага канферансье. 
Адным словам, Дзякуй Н.Ш. за цудоўны вечар. Гераіня трыумфавала. І былі падставы. 
Агульная адзнака: 9.

Пра хор.
Не чакаў  хору, але  сюрпрызы заўсёды прыемныя. 
Тры бліскучыя хоры ды яшчэ з маіх улюбёных опер вельмі ўпрыгожылі праграму. 
Агульная адзнака: 9.

Пра аркестр і Воліча. 
Аркестр граў няблага, а Воліч запомніўся вельмі ўжо сваёй інтэрпрэтацыяй інтэрмецца з "Манон Леско" і, як заўсёды, часта недарэчным грамыханнем.
Агульная адзнака: 8.

Пра Ойстраха.
Першае, што насцярожыла перад пачаткам канцэрта - прозвішча тав. Ойстраха, абрыдлага мне па філармоніі... Канферансье, на маю думку, павінен быць нейтральным... Або валодаць незвычальнай абаяльнасцю, розумам, тактам, густам і г.д. Карацей, як нябожчык Шэліхін... Не ідзе з галавы яго вобраз... А ячшэ ў мяне нелюбоў да тых, хто абірае обшчадаступную мову  ў сваёй працы. Але манатоннае мармытанне Ойстраха, робячага памылку за памылкай, блытаючага імёны, лепей чым пахабны канферанс Захарыі ці акадэмізаванай імперскай снобкі Зубрыч, ці дамарошчаных громавых...  Лекцыйная манера Ойстраха з тыповымі заляпухамі выкладчыкаў кшталту "где есть ощущение удивительного ощущения", "огромное ей, знаете-ли, поклон", мала спрыяла нармальнаму маляванню Партрэта. Артыстаў оперы ён пастаянна называў акцёрамі, а дуэт Амеліі і Рэната ў мастацтвазнаўцы чамусьці нейкім цудоным чынам стаў арыяй. Халера з ім, з гэтым Ойстрахам, я неяк да яго прыстасаваўся, асабліва ён не нашкодзіў. Але тое, што Опера ўжо задумалася над дыверсіфікацыяй канферансье, гэта добра... Праўда, тут суцэльнае бязрыб'е...
Агульная адзнака: 5 (усё ж, трэба памятаць, як зваць Франкоўскага).

Пра Галкоўскую.
Пры ўсёй павазе, не хапала дзеяння, нейкай дынамікі, нерву, а шкада... Ведаю, што павінен быў быць біс з "Il Forza del Destino", але тут перамог гардэроб...)
Агульная адзнака:  6.

Пра Касцючэнку.
Мастацкае (сцэнаграфічнае) вырашэнне канцэрту не паддаецца нармальнай ацэнцы па прычыне яго поўнай рэтраграднай эстэтыцы адсутнасці. Пра яго і пісаць было б не варта, бо нічога нечаканага і дзіўнага мы не ўбачылі.  Але, раз ужо ў праграмцы быў пазначаны мастак, чаго не было практычна ніколі з канцэртамі, то, на маю думку, канцэрт быў у вырашэнні сцэны абсалютнай халтурай. Што з мастаком, што без. Больш саўковага, пампезна-ДэКашнага афармлення сцэны цяжка сабе ўявіць... Сіметрыя, калоны-паўкалоны, кандэлябры, рушачкі-падушачкі, прочае плісэ-гафрэ і іжэ с німі...  Адны і тыя ж пластыкавыя вазоны-кветкі і іншая мішура, не кажучы ўжо пра каларыстыку. Гэтая бясконцая і абсалютна малавытлумачальная змена колераў, выражаная ў назойлівай дэманстрацыі новых магчымасцяў сцэны, асвятлення нагадвала хутчэй дыскатэку ў сельскім клубе. Тое, што сп.Касцючэнка стаў галоўным мастаком Оперы, на маю думку, нічога добрага не азначае. Рускі тэатр мной не любіўся не за рускую мову і не за няўтульную залу, і не за агульную спрэчную якасць пастановак, а найперш за іх мастацка-дэкаратыўнае вырашэнне. 
Агульная адзнака: 2.

Пра новыя парадкі.
Новыя бесталковыя касіркі. Гэта ўжо ворагі тэатра, а што далей будзе... Мама дарагая...
Усіх оперных, як вядома, панізілі. Усюды цяпер былая балетная адміністрацыя, а значыць і балетныя замашкі - хамства і беспардоннасць, снабізм, блат, маніпуляцыі. Я не прыпомню, каб нашыя оперныя капельдынеры, усаджвалі сярод канцэрта тых, хто спазніўся, падымаючы людзей. Трэба ўваход пасля трэцяга званка ўнесці ў КоАП. Вельмі нядобрыя цёці. Гнаць іх трэба ўсіх.

Дык хто каго, зрэшты? Пакуль ва ўсім перамагае Тэатр балета

07 Крс 2009

Высокае

Шарубіна і я

Ад Ніны Шарубінай (Шарубина, Sharubina, Scharubina) я заўсёды чакаю шмат. І гэта, бадай, ці не адзіны чалавек з вядомых мне сучаснікаў-суайчыннікаў, які ў сваім прафесіяналізме мяне не расчароўвае.  Як і сотні тысячы яе прыхільнікаў - гарачых і не вельмі. Прасцецкая ў знешніх праявах сваёй сацыялізаванасці, пазіцыянуючы сябе як простую дзеўку з саўгаса "Камінтэрн" з-пад Магілёва, яна здзіўляе магіяй сваіх пераўвасабленняў. Менавіта Магіяй. Бо яна амаль адзіная з цяпер ужо нешматлікіх нашых оперных артыстаў, якія захоўваюць Магію Сцэны, Магію Тэатра, Магію Высокага Мастацтва. Кожнае яе з'яўленне на сцэне прымушае мяне зведваць напаўзабытыя пачуцці захаплення сцэнічным дзеяннем, трымцення каленак ад перажыванняў, народжаных глыбінёй пачуццяў, якія ўкладае Ніна ў сваю працу над вобразам, цэльнасць і хараство якога дасягаецца не толькі вакальнымі сродкамі, якімі Н.Ш. валодае дасканала. У Оперы, канечне, больш важна музыка. А ў беларускіх пракаветных пастаноўках гэта асабліва важна... Але Шарубіна робіць любы оперны спектакль менавіта Спектаклем. Так на маіх вачах нараджаліся манументальныя Абігайль, дасканалыя Аіды, Мікаэлы,  Амеліі, Чыо-сан, Сантуцы і, канечне, Тоскі. (Шкада, што "Тоскі" ўжо пару год як не было...  Найбольш люблю Шарубіну-Тоску. Шкада, што вартага Каварадосі для яе ў нас папросту няма).

Зараз шмат гавораць пра яе. Вось анонсы сённяшняга канцэрту рэпрэзентуюць Н.Ш. як прыму, як беларускую оперную дзіву.  І гэта заслужана. Сходзім зацэнім.

Маю надзею, што новая акустыка Оперы і нашыя таленавітыя рэжысёры і ,асабліва, канферансье не дадуць перавагі маім адмоўным эмоцыям. Гэтак жа спадзяюся, што Шарубіна ўключыць у праграму хоць бы адзін беларускі твор.  

Ніна Шарубіна ў партыі Чыо-сан (10 красавіка 2007 г., Менск, ЦДА)


Ніна Шарубіна ў партыі Тоскі (Каварадосі - Васіль Мінгалёў, 20 траўня 2006 г., Менск, ЦДА)


Ніна Шарубіна ў партыі Тоскі, сцэна забойства Скарпіа (барон Скарпіа - Мікалай Майсеенка, 20 траўня 2006 г., Менск, ЦДА)

Рэклама

Наладка